У Гомлі вайскоўцы стралялі ў інваліда


Маглі аштрафаваць ці нават пасадзіць. Але гэта не самае страшнае. Пару тыдняў таму маглі ўвогуле застрэліць. Але на шчасце, удалося пазбегчы гэтых бедаў. Суд у Гомлі апраўдаў інваліда па слыху, які не пачуў воклічаў вартавога, але адчуў вібрацыю ад стрэлу.

Гамяльчук Міхаіл Міхайлюкоў, інвалід па слыху з дзяцінства, мог трапіць пад кулю ля вайсковай часткі нумар 63604.

За нібыта спробу пранікнуць на тэрыторыю вайсковага аб’екту яго судзілі, але суд Новабеліцкага раёну Гомлю апраўдаў мужчыну, паглядзеўшы відэа, што прадставілі вайскоўцы.

«Яны хоць і пісалі ў паказаннях, што трымаўся за плот і спрабаваў неяк пералезці, але на відэа, якое яны прадставілі, гэтая інфармацыя не пацвердзілася, там добра бачна што бег, спыніўся, развярнуўся, што падышлі і паставілі яго на калені», – распавядае Таццяна, жонка Міхаіла.

Паводле жонкі Міхаіла, да неазнакаванай агароджы глуханямы гамяльчук, што займаецца спартовым арыентаваннем, трапіў, заблукаўшы падчас чарговага трэніровачнага бегу 30-га сакавіка.

«Убачыў здалёк святло, горад, вырашыў бегчы ў той бок. Падбег да плоту, ён не зразумеў, што за плот, бо не было ніякіх апазнавальных знакаў ці знакаў кшталту «стой», «праход забаронены». І ён бег уздоўж гэтага плота», – узгадвае Таццяна Міхайлава.

Трымалі на каленях у снезе

Спыніўся Міхаіл, калі адчуў вібрацыі паветра ад стрэлу. З тэрыторыі вайсковай часткі выбеглі вартавыя, мужчыну прымусілі чакаць на каленях у кайданках, пасля разбіральніцтва яго адвезлі ў аддзяленне міліцыі.

Эксперт у галіне ваеннай бяспекі Андрэй Цішчанка адзначае, што вартавыя дзейнічалі паводле статуту гарнізоннай караульнай службы.

«У гэтага грамадзяніна не было яўных прыкметаў, што характарызавалі яго як інваліда. У гэтым выпадку вартавы ўпаўнаважаны зрабіць воклічы «стой, хто ідзе», «стой, страляць буду», потым – стрэл уверх», – тлумачыць Цішчанка.

Міліцыя ж забрала Міхаіла таму, што ён грамадзянскі чалавек, а не вайсковец. З фармальнага пункту гледжання ўсё нібыта правільна. Але…

«Яму далі падпісаць паперу, што ён спрабаваў пранікнуць на тэрыторыю аб’екта, які ахоўваецца. Ён адмовіўся падпісваць, але яго пачалі ўгаворваць, што падпісвай, нічога за гэта не будзе», – кажа жонка Міхаіла.

Нічога апроч позвы ў суд. Чалавека трымалі на каленях у снезе, пазней паўночы ў пастарунку, інваліда па слыху апытвалі без сурдаперакладчыка. Але цяпер мы ведаем, што вайскоўцы надзейна ахоўваюць краіну. Ці прынамсі сваю вайсковую частку.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»