У Гомлі суд стаў на бок кіраўнікоў, чый загад стаў прычынай трагедыі


Усіх кароваў памылі шампунем. Гэтак улады Буда-Кашалёўшчыны рыхтаваліся да візіту Аляксандра Лукашэнкі. Гэта было б нават смешна, калі б не трагедыя. Падчас мыцця даху кароўніка насмерць разбіўся бацька двух маленькіх дзетак. Чыноўнікі сказала, што сам вінаваты.

Суд Цэнтральнага раёну Гомлю адмовіў Таццяне Раманавай, якая намагаецца давесці, што ў смерці яе брата, загінулага летась на ферме ў вёсцы Бушаўка, вінаваты не ён, а тыя, хто яго туды паслаў.

«Яны хлусяць усе. То яны гаварылі, у іх там суботнік быў – гаварылі ў сваіх першых інтэрв’ю. Потым яны пачалі прыдумваць, што заўсёды гэтак робяць. Але я ў іх пісьмова перапытвала: маўляў, патлумачце, колькі разоў за сезон вы гэта робіце, што за аўрал, чаму не зрабілі раней, а чакалі 17 лістапада – навошта вы яго чакалі, восень холад?» – пытаецца Таццяна Раманава, сястра Кірыла Раманава.

Трагедыя здарылася 18 лістапада летась. Неўзабаве раён меўся наведаць Лукашэнка, а таму мясцовыя чыноўнікі кінулі ўсе сілы на прымарафечванне ваколіцаў. Гэтак 33-хгадовы кіроўца газавыратавальнай службы Гомельскага хімзаводу Кірыл Раманаў і трапіў на ферму ў вёсцы Бушаўка – чысціць дах кароўніка. Сарваўся з 10-ціметровай вышыні і разбіўся аб асфальт насмерць.

«Так, ёсць у іх нейкая інструкцыя, з якой яны людзей знаёмяць у часе працаўладкавання. Але ён не стаў туды, не пайшоў з уласнае волі. Ён кіроўца, яго там наагул не павінна было быць. Калі б яго там не было, мы б тут не сядзелі. Не марнавалі б і іх час, і чалавек быў бы жывы», – кажа Таццяна Раманава.

Прадстаўнікі ж прадпрыемства і Дэпартаменту сацыяльнай абароны з абвінавачваннямі ў свой бок не пагаджаюцца. І цвердзяць, што тэхніку бяспекі Кірыл Раманаў прайшоў, але палез туды, куды не трэба. А рамяні бяспекі пры пастаўленай перад мужчынам задачай былі папросту не прадугледжаныя.

«Нават калі ён парушыў нейкі пункт тае інструкцыі, то, па-першае, гэта не яго працоўная інструкцыя! А па-другое, гэтае парушэнне не звязанае з трагедыяй Таму што ў аснове трагедыі ляжыць наступнае – даручэнне з боку наймальніка працаўніку выканання працы, непрадугледжанай яго працоўнаю дамоваю», – адзначае праваабаронца, прадстаўнік сям’і Раманава Леанід Судаленка.

Цяпер нязгодныя з сённяшняй адмоваю сваякі Кірыла Раманава збіраюцца падаваць касацыйную скаргу ў судовую калегію Гомельскага абласнога суду. Таму што дамагацца праўды варта заўжды. Нават пасмяротна.

Валерый Руселік, belsat.eu