У Гомлі да прыезду Лукашэнкі высушваюць лужыны


Гомель рыхтуецца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. У найлепшых традыцыях армейскай паказухі ва ўсім горадзе спехам наводзяць марафет, у тым ліку перакладваюць новыя тратуары. Праўда, гамельчукі не разумеюць, чаму не захоўваць парадку цягам усяго года.

«Да нас едзе Лукашэнка». Кагосьці гэтыя словы цешаць і выклікаюць зацікаўленасць, а для кагосьці – наадварот, робяцца верным знакам таго, што наперадзе – шмат дурной працы.

Гэтак у Гомлі, дзе 27 ліпеня чакаюць высокага госця, ужо некалькі дзён сапраўдны аўрал. Па меркаваным шляху руху кіраўніка краіны сотні людзей замяняюць тратуарную плітку, тынкуюць пліты, фарбуюць ледзь не кожны сантыметр ды нават адпампоўваюць з лужын ваду!

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку відэа, на якім жанчыны ў форме гомельскага ГорСАП выразаюць з пліткі траву.

Жыхары Гомля:

«Паказуха!»

«Раз да іх прыезду парадак наводзіцца, значыць гэта для чыноўнікаў. Бо калі б для людзей, яно ўвесь час было б добра – не толькі фасады, але і двары, і ўсё астатняе».

«Паказуха! Увесь час, штогод, як ён сюды да нас прыязджае, то адразу пачынаюцца рамонты. Новую, добрую плітку паднялі».

«Баяцца, што яны паляцяць са сваіх мяккіх крэслаў і не будуць атрымліваць сваіх заробкаў па 15-20 мільёнаў».

Чакаецца, што Лукашэнка наведае Гомсельмаш. Што праўда, марафет у фінансавых справаздачах гэтак жа хутка наўрад ці навядуць. Прадпрыемства хоць і дэманструе невялікія прыбыткі, ягоныя даўгі за мінулы год павялічыліся амаль на 10%, набліжаючыся ўжо да 370 мільёнаў долараў. І гэта ўсё – нягледзячы на шчодрае дзяржаўнае падтрыманне.

«Усе гэтыя аўралы і паказухі для дзяржавы дастаткова важныя менавіта з пункту гледжання выхавання пакорлівасці і выхавання парадку», – кажа Віталь Цыганкоў.

Навядзенне марафету перад меркаваным прыездам Лукашэнкі, што праўда, аднойчы ўжо скончылася трагедыяй. Летась адзін з супрацоўнікаў гомельскага «Хімзаводу», якіх замест працы адправілі чысціць кароўнікі, сарваўся з 7-метровай вышыні на бетонную падлогу ды загінуў.

«Яшчэ з 90-х гадоў усім вядома нейкая нерацыянальная, незвычайная любоў Лукашэнкі да чысціні. Той знакаміты выпадак, калі ён аднойчы запытаў тагачаснага кіраўніка тэлебачання Рыгора Кісяля, чаму ў яго такі брудны, непафарбаваны плінтус», – кажа Віталь Цыганкоў.

Навошта ж спяшацца, рабіць няякасна і нервова, калі можна падтрымліваць парадак цягам году?

Жыхары Менску:

«У бюджэце краіны няма проста грошай на гэта ўсё».

«А так, калі ніхто не глядзіць, то народу і так сойдзе».

«Добра, што хаця б да Лукашэнкі робяць».

Дык як жа таму Лукашэнку разарвацца, каб паўсюль было гэтак жа добра, як там, дзе ён?

Сцяпан Святлоў belsat.eu