Пратаколы і абвінавачанні працягваюць сыпацца на галовы актывістаў і блогераў нават пасля абвешчання прысудаў у Гомлі. Зранку на волю выйшаў грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых – і не паспеў ён пераступіць парогу ізалятару, дзе адбываў пакаранне за ўдзел у акцыі недармаедаў, як яму выдалі новую позву – за распаўсюд фашысцкай сімволікі. Няпомняшчых апублікаваў у сваім фотаальбоме ў «Аднакласніках» калаж з фота Гітлера і Лукашэнкі, і ім тут жа зацікавіўся аддзел барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю.
Не на жарт узяліся міліцыянты і за іншых актыўных гамельчукоў – блогера Максіма Філіповіча пасадзілі на 13 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але пасля дадалі яшчэ 5 – блогер сваёй віны не прызнае і пастанавіў абвесціць галадоўку.
Фрылансерка Ларыса Шчыракова атрымала ўжо 6 пратаколаў, да таго ж у міліцыі ёй пагражалі адабраць сына. За асвятленне акцыяў у Магілёве ды Рагачове журналіста Яўгена Меркіса пакаралі штрафам 30 базавых і пракурорскім папярэджаннем, а Кастуся Жукоўскага выклікаюць адначасова пракуратура і КДБ.
«Рэпрэсіі ў дачыненні да мяне і ўсіх журналістаў нічым уладзе не дапамогуць, гэта не той час, калі яны маглі зачыніць газету і паток інфармацыі спыняецца, зараз век інтэрнэту, людзі ўсё бачаць», – упэўнены Кастусь.
На думку праваабаронцы цэнтру «Вясна» Леаніда Судаленкі, у пытанні рэпрэсіяў абласныя ўлады арыентуюцца на сталіцу.
Усяго за ўдзел у апошняй акцыі 25-га сакавіка ў Гомлі асудзілі 14 чалавек – агулам на 44 содні арыштаў і больш за Br 900 рублёў штрафу. Але пакуль адных садзяць, другія ўжо выходзяць – гэтак, учора з ізалятару выпусцілі блогера Змітра Сабурава і актывіста Віктара Рубцова, а заўтра мае выйсці Уладзімір Кацора.
Настасся Храловіч, «Белсат»