Аб'ектыў 15.07.2017 У Гомлі адкрыўся вяровачны парк


У гомельскіх дзяцей стала больш на адную летнюю забаву – у Савецкім раёне распачаў працу першы ў горадзе вяровачны парк.

За даволі бюджэтны кошт – 5 і 7 рублёў – тут можна прайсці над зямлёю па двух вяровачных трасах – дзіцячай і дарослай, у залежнасці ад росту. Страховачны трос і два карабіны дапамагаюць не зваліцца.

«Выдатная ідэя для такога вялікага раёну. Выдатная забава для дзяцей, асабліва на канікулах», – заўважае мужчына, які прыйшоў у парк.

А хлопчык, які бавіць тут свой час, кажа:

«Было не страшна, класна. Мне вельмі спадабалася».

За бяспекаю кліентаў разам з памочнікам сочыць стваральнік парку – прадпрымальнік Дзмітрый Палійчук.

У мінулым прамысловы альпініст, ідэю вяровачнага парку Дзмітрый прывёз у Гомель з Украіны. Там пабачыў, як можна і зарабіць грошай на свежым паветры, і прынесці радасць дзецям і дарослым.

«Гэта прыемнае баўленне часу не на канапе, гэта куча эмоцыяў, адрэналін, падняцце фізічнай падрыхтоўкі, лоўкасць», – кажа Дзмітрый Палійчук.

Наведнікаў ужо хапае. У планах прадпрымальніка – пабудаваць яшчэ адную трасу для самых маленькіх альпіністаў, ад трох да пяці гадоў.

Глядзі таксама
Каментары