Аб'ектыў 30.12.2017 У Горадні стварылі футбольны турнір для дзяцей з прызамі ад Дзеда Мароза


Чым можа займацца грамадская ініцыятыва? Як вынікае, не толькі сацыяльнымі, але і спартовымі пытаннямі! Неабыякавыя гарадзенцы стварылі цэлы футбольны турнір для дзяцей – з прызамі і падарункамі ад самога Дзеда Мароза. Задаволеныя не толькі дзеці, але і іхныя бацькі.

Прадстаўнікі розных палітычных партыяў Горадні і жыхары гораду два месяцы таму вырашылі стварыць ініцыятыву, якая дапаможа вырашаць сацыяльныя пытанні гарадзенцаў. Гэтак і назвалі – «Гародня». За гэты час актывісты паспелі і звярнуць увагу ўладаў на відавочныя гарадскія праблемы, і ўзняць пытанне парушэнняў працоўнага кодэксу ў аўтапарку. А напярэдадні Новага года ініцыятыва зладзіла свята для маленькіх аматараў спорту.

«Я сам з’яўляюся вялікім аматарам футболу. Заўзею за мадрыдскі «Рэал«, наведваю ўсе матчы нашага гарадзенскага «Нёмну«. І захацелася зрабіць штосьці для нашых юных футбалістаў. Таму што, магчыма, калісьці гэтыя дзеці будуць цешыць і заўзятараў гарадзенскага «Нёмну» – забіваць галы, а магчыма, нават, і за мадрыдскі «Рэал», – кажа арганізатар Анатоль Мышкевіч.

Ну а калі нават і не – то здаровы лад жыцця і прыгожая гульня напэўна пойдзе на карысць. Ды не толькі дзецям – іхныя бацькІ таксама маглі ўзяць удзел у конкурсах ды атрымаць смачныя пачастункі на навагодні стол. Ад Дзеда Мароза.

«Усім дарослым – разумення сваіх дзяцей! Каб каханне заўжды панавала ў доме, каб мара ніколі не ўплывала далей, чым трэба!».

На турнір завітаў не толькі Дзед Мароз. Пабавіцца можна было і з талісманам гарадзенскага «Нёмну» – аленем, а таксама з іншымі роставымі фігурамі.

Восем камандаў хлапцоў і дзве каманды дзяўчатак. Сярэдні ўзрост футбалістаў – ад сямі да дзесяці гадоў, усе яны – навучэнцы розных гарадзенскіх футбольных секцыяў. Такі турнір мог паўстаць толькі агульнымі намаганнямі, кажа арганізатар.

 

«Неабыякавыя грамадзяне набылі салодкія прызы, памятныя кубкі, зрабілі дыпломы; дзіцячы пакой «Banana City» наш, гарадзенскі, прапанаваў пераможцам падарункавыя сертыфікаты на наведванне. Ну і гарадзенская федэрацыя футболу дапамагла з судзействам і памяшканнем. Вось так, агульнымі сіламі, мы гэта і зрабілі», – распавядае Анатоль Мышкевіч.

Незадаволеных, бадай, не засталося.

 

Удзельнікі і наведнікі турніру кажуць:

«Перамаглі адну каманду сем-нуль; а іншую – сямнаццаць-нуль».

«Я лічу, што турніры такога роду павінныя адбывацца пастаянна».

«Гэта дазваляе нармалёва развіваць дзіцяча-юнацкі футбол. Падрастае, ізноў жа, будучае пакаленне для нашай футбольнай каманды».

«Мы бачым зараз, што і дзяўчынкі нашыя таксама выступаюць. Гэта вельмі прыемна глядзець. Гэта лепш, чым глядзець у кампʼютары».

Таму арганізатары і абяцаюць і надалей ладзіць такія турніры – ды не толькі ў час зімовых святаў.

 

Сцяпан Святлоў, »Белсат«

Глядзі таксама
Каментары