Францыя выбірае прэзідэнта


Палітыкі не меншай мабілізацыі, чым ад выбарцаў, чакаюць ад праваахоўнікаў.

У Францыі адкрыліся выбарчыя ўчасткі для правядзення першага тура прэзідэнцкіх выбараў.

Галасаванне працягнецца да 20-ай, а ў некаторых гарадах – да 21-й гадзіны паводле менскага часу. Тады ж стануць вядомыя першыя папярэднія звесткі.

22 красавіка ўдзел у галасаванні ўжо ўзялі заморскія тэрыторыі Францыі. Выбарчым правам валодаюць больш 46 мільёнаў французаў.

Апытанні выбарнікаў сведчаць пра тое, што хутчэй за ўсё французам давядзецца прыйсці да ўрнаў і другі раз – 7-га траўня: аніхто з адзінаццаці кандыдатаў не здольны перамагчы ў першым туры.

Паводле даследаванняў, за дзень да галасавання самы вялікі клопат французаў – пытанне бяспекі. За апошнія паўтара года ў краіне адбылося 10 тэрактаў, апошні з якіх чатыры дні таму ў Парыжы. Але згуляць гэтаю картаю кандыдатам на прэзідэнта не атрымаецца. Апытанні паказваюць, што грамадзяне краіны не вераць у тое, што нават самы радыкальны з прэтэндэнтаў здольны паспяхова вырашыць гэтую праблему.

Калі верыць статыстыцы, то ў першым туры перамогуць скандальна вядомая лідарка «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн і былы міністр эканомікі і фінансаў 30-ці гадовы Эманюэль Макрон. Апошні, у выніку перамогі ў другім туры, як гэта прадказваюць сацыёлагі, станецца самым маладым прэзідэнтам Пятай рэспублікі.

Трэці з чатырох галоўных кандыдатаў – Франсуа Фіён – моцна страціў падтрыманне выбарнікаў пасля скандалу, звязанага з ягонаю жонкай. Медыі высветлілі, што палітык узяў сужэнку на працу і выплачваў ёй казачныя ганарары. Апошні з вялікай чацвёркі – Жан-Люк Мэляншон – ультралевы кандыдат. Цёмны конік гэтых выбараў. Ягоныя рэйтынгі стрэлілі ў апошні момант, у вялікай ступені дзякуючы стратам Фіёна. Амаль камуністычныя погляды палітыка даспадобы не ўсім.

Французскі ўрад мабілізаваў больш за 50 тыс.праваахоўнікаў у надзеі пазбегнуць якіх-кольвек інцыдэнтаў падчас нядзельных выбараў.

Ігар Кулей