Аб'ектыў 01.06.2018 У Дзень абароны дзяцей галоўнае слова – «абароны»


Дзень дзіцяці, які адзначаецца сёння ва ўсім свеце – добрая нагода, каб падарыць самым маленькім як мага больш радасці. Але ёсць у гэтага свята і іншая назва – Дзень абароны дзяцей. Балюча, што не ва ўсіх малых шчаслівае дзяцінства, аднак ёсць тыя, хто намагаецца зрабіць жыццё дзетак хаця б крыху лягчэйшым і прыямнейшым.

1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей. І пакуль з афіцыйных інфармацыйных крыніцаў гучыць радасная рыторыка аб добрых умовах для развіцця дзяцей і моладзі ў краіне, актывісты арганізоўваюць святочныя імпрэзы для дзяцей, якім абарона патрэбная больш за астатніх.

З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей дабрачынная акцыя «Дорым радасць» зладзіла імпрэзу ў дзіцячым садку нумар дзевятнаццаць для дзяцей з парушэннямі зроку.

Спачатку перад маленькімі гледачамі выступіў Яўген Барышнікаў, які зайграў на дудзе, а таксама распавёў пра будову інструмента. Затым быў выступ тэатру «Лямцавая батлейка» з прэм’ерным паказам твору Юі Вісландэр «Мама Му паранілася». А затым дзеткі маглі паглядзець і памацаць ручкамі сапраўдныя рыцарскія латы. У канцы імпрэзы ўсе гадаванцы атрымалі падарункі – дыскі з аўдыякнігамі на беларускай мове.

«Нам пішуць бацькі дзетак, да якіх мы прыязджалі, з намі размаўляюць настаўнікі, самі дзеткі падыходзяць і запрашаюць прыязджаць да іх яшчэ. Усё гэта гаворыць пра тое, што такія мерапрыемствы, такія акцыі патрэбныя і цікавыя. Дзеткі атрымліваюць нешта, чаго яны не бачылі і не ведаюць», – распавядае намеснік дырэктара пляцоўкі «Беларуская прастора» Міхась Башура.

Гэтая імпрэза – трэцяя ў шэрагу падобных. Раней кампанія «Дорым радасць» парадавала навучэнцаў спецыялізаваных школаў у Менску і Маладзечне. Агулам у краіне 11 дзіцячых садкоў і 6 школаў для дзяцей з парушэннямі зроку. Плануецца, што ўсе гэтыя ўстановы будуць ахопленыя такімі імпрэзамі.

«Вельмі важна паказваць, што гэта звычайныя людзі, звычайныя дзеткі. Вы бачылі, як яны радуюцца, якія яны дасведчаныя, эрудаваныя. Ім проста трэба дапамагчы. Ім проста трэба зрабіць нейкія ўмовы, каб яны маглі развівацца, маглі мець вельмі добрую адукацыю і ўключацца ў жыццё», – заяўляе дырэктар сацыяльна-культурнай установай «Моцарт» Алесь Калоша.

Гэтакай дапамогай і займаецца дзіцячы садок №19 – гэта спецыяльная ўстанова для дзяцей з парушэннямі зроку, у якой адмыслова працуюць не толькі ў галіне адукацыі, але і ў лячэнні. Гэтак, штодня выхаванцы ўстановы праходзяць шэраг розных працэдураў.

«У Менску толькі дзве дашкольныя ўстановы – у нас у Савецкім раёне і ў Ленінскім раёне. Але, наколькі я ведаю, другая ўстанова таксама перакамплектаваная. Групы, якія ствараюцца ў іншых дашкольных установах, – іх наагул не хапае, іх недастаткова», – кажа загадчыца садку Віялета Какорына.

І патрэба ў такіх садках і групах не змяншаецца. У той жа момант, згодна з экспертамі, у Беларусі сітуацыя з умовамі для людзей з парушэннямі зроку пакрысе паляпшаецца – апошнія гады ўлады сталі звяртаць увагу на гэтую праблему, бо Беларусь прыняла канвенцыю аб правах інвалідаў. Таму кладзецца тактыльная плітка, ставяцца святлафоры з гукам, на лесвіцах малююць яркія палосы.

«Мы можам зрабіць і прыступкі, зрабіць ідэальнае безбар’ернае асяроддзе механічнае. А вось разбурыць бар’еры ў нашых сэрцах – у сэрцах людзей здаровых у дачыненні людзей з абмежаванымі магчымасцямі фізічнымі – гэта цяжэй. Я думаю, што на гэта проста трэба час», – дадае Алесь Калоша.

Разбурэнне гэтых бар’ераў і ёсць доўгатэрміновай перспектывай кампаніі «Дорым радасць». А пазітыўная рэакцыя на яе імпрэзы дзяцей і дарослых сапраўды дае спадзеў на лепшае.

Зміцер Міцкевіч

Глядзі таксама
Каментары