Аб'ектыў 21.05.2018 У Брытаніі ўзяліся за расейскіх алігархаў


У Брытанскім парламенце прадставілі даклад аб расейскай карупцыі ў Лондане. Заканадаўцы заклікаюць прыняць меры бяспекі для большага супрацьдзеяння Маскве, а таксама ўдарыць па брытанскіх кішэнях расейскіх алігархаў.

Атручванне былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі разварушыла брытанскіх палітыкаў, якія пастанавілі сур’ёзна ўзяцца за расейскія ўплывы на выспах.

«Мы працягнем выкарыстоўваць усе магчымасці брытанскіх следчых органаў у барацьбе супраць сурʼёзных злачынцаў і карумпаванай эліты. У нашай краіне няма месца ані для такіх людзей, ані для іхных грошай», – заяўляла Тэрыса Мэй у сакавіку.

Учора ў прэсе з’явілася інфармацыя, што зацягваецца працэс падоўжання візы для Рамана Абрамовіча. А ўжо сёння парламенцкая камісія замежных справаў падала справаздачу аб расейскіх брудных грошах у Вялікай Брытаніі.

«Рэжым прэзідэнта Пуціна выкарыстоўвае асіметрычныя метады для дасягнення сваіх мэтаў, а іншыя – гэтак званыя карысныя ідыёты – павялічваюць гэты эфект, падтрымліваючы ягоную прапаганду. Эканоміка Расеі, якая нагадвае памерамі эканоміку Іспаніі, глыбока звязана з заходняю фінансаваю сістэмаю», – гаворыцца ў дакладзе.

Даклад падзелены на тры часткі. Першая датычыць узаемаадносінаў расейскіх алігархаў і Вялікай Брытаніі. У другой – ідзецца пра ўзмацненне санкцыяў супраць Расеі, у прыватнасці, гаворыцца аб патрэбе сінхронных захадаў супольна з краінамі Еўразвязу і «Вялікай сямёркі» ў супрацьстаянні Маскве, а таксама аб публікацыі свайго спісу расейцаў, вінаватых у парушэнні правоў чалавека.

Трэці раздзел прысвечаны крокам, якія маюць спыніць адмыванне грошай заможнымі расейцамі праз брытанскія афшоры.

«Пуцін дазваляе сваім сябрам зарабляць. І важная частка гэтага заробку – несумненна, бізнес на Захадзе, – кажа Яўгеній Цітоў з Расейскага еўрапейскага руху. – Калі Захад праявіць салідарнасць і будзе дзеяць супольна, гэта будзе мець патрэбны эфект».

Даклад носіць рэкамендацыйны характар. Але пры рэалізацыі яго пастулатаў, як зазначаюць эксперты, найважнейшым ударам для расейскіх алігархаў будзе закрыццё доступу да лонданскай біржы. Хоць Злучанае Каралеўства таксама зазнае страты.

«Гэта ўдар не смяротны для брытанскай эканомікі, адназначна. Ён складаны, напэўна, закране нейкую колькасць фасілітатараў, пасярэднікаў, скароціць іхныя прыбыткі. Але для Вялікай Брытаніі не смяротны», – лічыць Ілля Шуманаў з расейскага аддзялення «Transparency International».

Для Расеі гэтыя меры будуць куды больш заўважныя. У Крамлі справаздачу ўжо назвалі русафобскай ды скіраванай на дыскрымінацыю расейскіх бізнесоўцаў.

«Несумненна, гэта нішто іншае як несяброўскі крок у рэчышчы несяброўскай і несправядлівай канкурэнцыі», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Паводле Крамля, Захад ставіцца да расейскага бізнесу «нядобрасумленнага і не па-сяброўску».

Вітаўт Сіўчык; фота – Darren Staples/Pool/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары