У Берасці пабудавалі мост – пачалі лопацца фундаменты суседніх дамоў


Да тысячагоддзя Берасця, якое будзе шырока адзначацца ўжо налета, жыхары абласнога цэнтру маюць атрымаць, між іншага, новы мост, а ягоныя будаўнікі – падзякі. Вось толькі не ўсе застаюцца задаволенымі. У людзей, якія жывуць у непасрэднай блізкасці да будоўлі, пачалі развальвацца… дамы!

«Я не магу, у мяне няма здароўя ўсё гэта падтрымліваць. Пачало валіцца ўсё – усё абвальваецца! Пайшло ўсё трэшчынамі!»,– кажа мясцовы жыхар.

У адных фундамент трашчыць па швах, пакуль другія спяшаюцца дабудаваць унікальную транспартавую развязку Заходні абыход. Гэтак па-рознаму берасцейцы рыхтуюцца сустракаць тысячагоддзе роднага гораду.

«У нас як пачалі забіваць палі, літаральна тыдзень таму, у 60-ці метрах ад майго дому і ў 30-ці метрах ад бліжэйшага да будоўлі дому, пайшлі расколіны па ўсім доме. У двух месцах раскалоўся фундамент, асабіста ў нас», – кажа жыхарка вул. Паплаўскага.

Паводле нормаў праектавання, уздоўж жылога сектару будаўнікі мусяць выкарыстоўваць больш дарагія буранабіўныя палі. Бо вібрацыя ад звычайных паляў можа нашкодзіць бліжэйшым дамам. Што ў выніку і адбылося. Аднак у Інспекцыі дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Берасцейшчыне запэўніваюць, што ўсё пад кантролем.

«Што датычыць нагляду за будаўніцтвам, яго праводзім мы. Там ніякіх парушэнняў не выяўлена. Экспертыза пройдзена на праект, прадстаўлена, будаўнікі працуюць, і ўсё гэта не адыходзіць ад заканадаўчых дакументаў», – паведамілі «Белсату» на гарачай лініі інспекцыі дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам у Берасцейскай вобласці.

Аднак мясцовыя жыхары скептычна ставяцца да словаў чыноўнікаў і кажуць пра іншыя праблемы.

«Нядаўна, пару дзён таму, ноччу вяліся працы! Ноччу! Цэлую ноч немагчыма было спаць. Званім у міліцыю 102, міліцыя кажа – прыязджаць не будзем, у нас ёсць указанне да вас не прыязджаць», – кажа жыхарка вул. Паплаўскага.

Колькі ні прасілі жыхары звярнуць увагу на іхныя праблемы – адусюль адпіскі. Гэта і абурае. Асабліва калі праблемаў шмат: «Быў праход, пешаходны пераход, загарадзілі бліжэйшы магазін. Што нам рабіць?Увесь бруд, увесь бетон плыве ў двор. У двары не прайсці. Наагул бязладдзе, немагчыма стала жыць. Мы ўжо тры гады жывем на чамаданах – думалі, што будуць зносіць, потым сказалі, што не будуць зносіць. У выніку мы дагэтуль не ведаем, будуць нас зносіць ці не будуць нас зносіць».

Завершыць будаўніцтва Заходняга абыходу плануюць у наступным годзе. «Белсат» неаднаразова паведамляў аб праблемах вакол будаўніцтва мосту, які мае закальцаваць Берасце з выхадам варшаўскае шашы на М1 да грузавога памежнага пераходу. За час яго ўзвядзення пад знос паспелі пайсці некалькі дамоў і прадпрыемстваў. Жыхары намагаліся спыніць ці хаця б змяніць рэалізацыю праекту, аднак іхных меркаванняў улады не заўважылі.

І хоць летась Лукашэнка, наведваючы будоўлю ў атачэнні тэлекамераў, прасіў «ня крыўдзіць» мясцовых жыхароў.

З усяго відаць, усё больш людзей застаюцца пакрыўджаныя. У тым ліку і таму, што беларускае тэлебачанне пра гэта ня кажа.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»