У беларускамоўных класах у кожнага вучня асабісты настаўнік


Свой першы школьны званочак пачулі сёння Кастусь і Клім – хлопчыкі, адзетыя не ў школьную форму, а ў вышыванкі.

Яны трапілі ў перапоўненую жодзінскую школу, дзе ажно 7 першых класаў. На аднаго настаўніка – па 25–30 вучняў. Але ў беларускамоўным першым «Ж» – усё інакш.

«У нас адна настаўніца і двое дзетак. Гэта суперпраграма для іх, я так лічу», – кажа маці першакласніка Наста Герыловіч.

Мама Кастуся дамагалася адкрыцця класу 8 месяцаў

Сям’я хоць і расейскамоўная, але хацела, каб сын навучаўся на беларускай мове. Чыноўнікі ж не пагаджаліся зарганізаваць беларускамоўнае навучанне для адной асобы. У выніку бацькі давялі, што закон стаіць на іхным баку.

«Я пайшоў у беларускамоўны клас, таму што я люблю беларускую мову, хаця яшчэ не да канца яе давучыў», – кажа Кастусь Герыловіч.

Дапаможа ў гэтым не толькі настаўніца, але і адзіны аднакласнік Кастуся – Клім, які цудоўна валодае беларускаю моваю.

Але большасць бацькоў з буйных гарадоў зрабіла выбар на карысць расейскай мовы навучання.

Адваротнае рашэнне прынялі беларусы… за мяжою

Гэтак, у Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны ў першы клас з беларускаю моваю навучання пайшлі сёлета 22 вучні.

«Мы шмат удзеляем вніманія этай школе», – зазначыў амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль.

Не было б лішнім добрае веданне дзяржаўнай беларускай мовы і амбасадару, чый службовы абавязак – падтрымліваць беларускамоўную гімназію.

Як вядома, вучыцца ніколі не позна – і малым і дарослым.

Вольга Старасціна, «Белсат»