У Беларусі жаўнер – статыстычная адзінка. Чаму? Меркаванне жыхароў Барысава


Чарговы ваеннаслужачы з вайсковай часткі ў Печах, што пад Барысавам, атрымаў турэмны тэрмін за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. На чарзе – яшчэ адзін сяржант. Ці дапамогуць суды ўратаваць беларускае войска ад дзедаўшчыны ды як даўно наспеў час рэфармаваць узброеныя сілы?

Перавышаў службовыя паўнамоцтвы праз карыслівую і асабістую зацікаўленасць, а таксама чыніў гвалт, наносячы шкоду не толькі грамадзянскім, але і дзяржаўным інтарэсам (арт. 455 КК РБ). Цяпер мае адседзець тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, на 5 гадоў пазбавіцца права займаць распарадчыя пасады і заплаціць штраф у памеры 300 базавых велічыняў. Гэткае рашэнне прыняў суд Барысаўскага раёну Менскай вобласці ў дачыненні 23-гадовага экс-сяржанта вайсковай часткі 39 864 у сумнавядомых Печах Андрэя Зайца. Працэс цягнуўся месяц.

У бліжэйшы час суд мае абвесціць вырак і па іншай падобнай справе – у дачыненні былога сяржанта Аляксандра Комара. Паводле следства, акрамя дзедаўшчыны, ён займаўся яшчэ і хабарніцтвам. Віну прызнаў часткова, папрасіў прабачэння ў пацярпелых жаўнераў.

«Гэта такі распаўсюджаны шэраг парушэнняў, які прыйшоў да нас з Савецкага Саюзу і дагэтуль застаецца ў такім вось нерухомым стане, паколькі ізноў жа ніякай рэформы не было, а пры адсутнасці адпаведнага нагляду гэта ўсё пачынае развівацца бурнымі тэмпамі і набываць вось такія перакручаныя формы», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Надзея толькі на тое, што сітуацыю дапамогуць уратаваць справядлівыя разбіральніцтвы. Сённяшні суд – далёка не першы і дакладна не апошні што да парушэнняў у войску. Маштабныя правяранні па ўсёй краіне адбыліся пасля смерці Аляксандра Коржыча ды выявілі вялікую колькасць парушэнняў. 4 траўня суд Барысаўскага раёну прысудзіў да 3-х гадоў зняволення яшчэ аднаго сяржанта з Печаў Арцёма Бердніка, які гэтак і не прызнаў сваёй віны. А 3 траўня вынеслі прысуд двум «дзядам» з Горадні, якія збілі пяцёх салдатаў. Тэрміны – ад трох гадоў і шасці месяцаў да чатырох гадоў.

Жыхары Барысава:

«Гэта тая ж злачыннасць, яе выкараняюць, усё жыццё з ёй змагаюцца, але яна ўсё роўна ёсць».

«Чаму? А таму што маці кепска выхоўваюць сваіх сыноў. Вам не падаецца, што дзедаўшчыну ладзяць тыя, хто самасцвярджаецца, можа быць?».

«Проста менталітэт такі. Адныя лічаць сябе лепшымі за іншых проста таму, што яны там крыху даўжэй былі. Да глупства, людзі нейкія заняпалыя, дурныя калгаснікі туды ідуць».

Эксперты кажуць, што ёсць адзін правераны спосаб цывілізаваць айчыннае войска – дзейнічаць згодна з прыкладам паспяховых краінаў.

«Якія практычна ставяць жыццё і здароўе чалавека на чале кута і дзе чалавек, які ідзе служыць сваёй радзіме ён у першую чаргу атрымлівае поўную абарону ад дзяржавы – гэта і адукацыя, і заробкі, і далейшае развіццё», – мяркуе праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

То бок усё тое, чаго бракуе беларускаму войску, дадае эксперт. Маўляў, у нашай краіне жаўнер – проста статыстычная адзінка, якая павінна наведаць армію. Вось толькі адказ на пытанне «навошта?» знайсці ўсё цяжэй.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»