У Беларусі замест заробку вырастуць кошты


Кіраўнік краіны загадаў чыноўнікам падняць сярэдні заробак да Br 1000 ад 1 красавіка. Аднак замест заробку зноў выраслі кошты, і ў Міжнародны дзень смеху беларусам будзе не да смеху.

Ужо ад заўтрашняга дня беларусам давядзецца яшчэ больш грошай выдаткоўваць на самыя неабходныя патрэбы.

Падаражэюць сувязь і інтэрнэт, квіткі на некаторыя цягнікі, паштовыя паслугі цыгарэты ды тэлебачанне. Учора ў нашае краіне падаражэла паліва – хай сабе і на адну капейку, але ўжо пяты раз за апошнія тры месяцы. Ад пачатку году ў Беларусі ўжо падымалася базавая велічыня, якая пацягнула за сабою ўверх штрафы, зборы, спагнанні ды кошт дзяржаўнага арэнднага жытла.

Адчуюць на сабе падвышэнне коштаў і прадпрымальнікі, бо ад заўтра на 6 % падымецца і базавая арэндная велічыня. А гэта, у сваю чаргу, адаб’ецца і на кошце тавараў для пакупнікоў.

«Гандаль такі слабы, што кожная капейка важная, і можа абцяжарыць прадпрымальнікаў, таму яны выступаюць супраць, збіраюцца на рынках, запрашаюць адміністрацыю», – кажа кіраўнік грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Пры гэтым заробкі за падаражэннем не паспяваюць: сярэдні заробак, паводле Белстату, падае трэці месяц запар. Аляксандр Лукашэнка, абяцаў, што ад 1 красавіка ў кішэні беларуса грошай стане болей.

Пры гэтым інфляцыя ў Беларусі не такая высокая – усяго 0,8 адсоткаў у параўнанні з 4,5 % у 2017-м або 10 % у 2016-м. Чаму ж тады ўлады падвышаюць кошты?

«Падвышаюць, каб самаакупіцца, бо фармальна мы плацім за той жа транспарт толькі частку сабекошту. Але тут трэба разумець, што мы пераплачваем за гэта ўскосным чынам, бо гэтая манаполія не празрыстая», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Той жа заробак, што мы маем цяпер, мяркуюць эксперты – гэта вынік максімальнай напругі эканомікі. Пакуль кошты на нафту высокія, а дзяржаўная пазыка Беларусі не перакрочыла крытычнае мяжы, эканамічная сітуацыя не пагоршыцца. Але для сусветнай эканомікі ўласцівыя падʼёмы і зніжэнні, і калі зараз яна знаходзіцца на піку, то неўзабаве за ім чакаецца спад.

«Калі для ўсяго свету гэта будзе запаволены, але рост, то для нас гэта можа азначаць чарговы эканамічны абвал», – дадае Івашкевіч.

На думку экспертаў, натуральны спад эканомікі чакаецца ўжо ў 2020-м – у год наступных прэзідэнцкіх выбараў.

Настасся Храловіч; фота – Heinz-Peter Bader/Reuters