103 тысячы беларусаў – рабы


103 тысячы беларусаў – рабы. І гэта толькі тыя, хто трапіў у падлікі праваабаронцаў. Рэчаіснасць можа быць яшчэ горшай. Але, калі прыняць нават гэтыя лічбы, большага рабства ў Еўропе проста няма. Прычым пагаршэнне сітуацыі зрабілася тэндэнцыяй.

Летась увесну беларусы па ўсёй краіне выходзілі на пратэсты недармаедаў, патрабавалі адмены дэкрэту № 3 ды казалі, што мы не рабы.

Дзяржава свой бот з глоткі людзей прыбрала. Часова. Праваабаронцы аўстрыйскае «Walk Free Fundation» гавораць, што сто тры тысячы беларусаў жывуць у «сучасным рабстве».

Гэта ажно 20 месца са 167 краінаў, і датычыць каля аднаго 1 % насельніцтва. Ні ў кога з нашых суседзяў сітуацыя не выглядае гэтак дрэнна.

Жыхары Менску:

«Мы, напэўна, самі не гатовы за сябе адказваць, таму нам падабаецца, калі нас прымусова размяркоўваюць, штосьці яшчэ робяць – нам гэтак прасцей хіба жыць».

«Людзі думаюць, што можна патрываць, а потым будуць бонусы, а з гэтага ўсё атрымліваецца не надта добра».

«Празмерна лаяльны народ, празмерны цярплівы хіба, таму надзець на нас кандалы прасцей за ўсё на беларусаў».

«У нас вельмі шмат усяго абавязкова-прымушальнага. Нібы рэкамендавана, але пажадана выканаць».

Пад сучасным рабствам праваабаронцы разумеюць змушэнне да працы, гандаль людзьмі ці практыкі, звязаныя з прымусам.

Жыхары Менску:

«Дэкрэт пра дармаедаў адносіцца да віду сучаснага рабства, таму што гэта прымусовае і беспадстаўнае змушэнне чалавека да працы, нават, калі ён не ў стане яго выконваць, не абавязаны і нікому не павінен».

«Школьнікаў дабравольна часам адпраўляюць на сяльгаспрацы, дзе яны нават часам гінуць, – гэта першае; другое – у нас ёсць такі дабравольны суботнік».

Прыкладаў шмат. А колькасць такіх рабоў у Беларусі расце.

Калі яшчэ ў 2013-2014 гадах падобных беларусаў было каля 12 тысяч, то цяпер гаворка ідзе пра 103 тысячы.

Гэтых людзей эксплуатуюць, ім пагражаюць, даходзіць да гвалту, прымусу, падману, маніпуляцыяў ды злоўжывання ўладай. У Беларусі прымус зрабіўся часткаю дзяржаўнае палітыкі праз шэраг прэзідэнцкіх дэкрэтаў.

«Беларуская ўлада не бачыць іншага інструменту для таго, каб прымусіць людзей працаваць акрамя бізуна. То бок, яна не кажа пра пернік, яна ўсе гэтыя 24 гады прамаўляе пра тое, што чалавека трэба прымусіць працаваць», – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Дзяржава змушае, нібыта забываючыся, што толькі незалежныя і перспектыўныя асобы ствараюць сапраўдны рост гаспадаркі. А калі ўзгадвае, то з’яўляюцца дзяржаўныя спробы гаварыць пра сінгапурскі досвед, адкрываецца парк высокіх тэхналогіяў і прыцягваецца замежны досвед. Але ўсё ўпіраецца ў палітычную свабоду.

«Для сённяшняе постіндустрыяльнае эканомікі патрэбныя індывідуумы, патрэбныя яскравыя асобы. І ў беларускай сістэме з імі праблема. А тыя, хто ўзнікае, вельмі часта проста зʼязджаюць за мяжу», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

А ў Беларусі гэтак званых рабоў найбольш, чымся ў любой еўрапейская краіне. Гэта на фоне песень пра сацыяльную дзяржаву і стабільнасць. Ды толькі дасяжных лічбаў. Рэчаіснасць можа быць у разы горшаю.

Сяргей Падсасонны belsat.eu