У Беларусі прыдумалі падатак для ахвяраў Галакосту?


У Беларусі шукаюць грошы ў бюджэт. І ўсе сродкі добрыя. Нават калі даводзіцца пераступаць мяжу маральнасці і гуманнасці. Габрэяў, якія перажылі Галакост, змушаюць плаціць падатак за гуманітарную дапамогу. Грамадскасць абураная. А Міністэрства падаткаў і збораў не бачыць праблемы, бо ўсё законна.

Галакост – найбуйнейшы генацыд ХХ стагоддзя. Нацысцкі рэжым знішчыў шэсць мільёнаў габрэяў. У Беларусі – больш за восемсот тысячаў. Жыхарка Менску Аліна Коннікава выжыла. Дзяўчынкаю ацалела пад бамбаваннямі, уцякла з маці да Казахстану, сямʼя галадавала. Сёння разам з сястрою патрабуе дапамогі. Атрымлівае яе ад дабрачыннай арганізацыі. Але беларускія чыноўнікі пастанавілі спагнаць за гэта падатак.

«Гэта проста свінства. Мне падаецца, што гэта нават сорамна дзяржаве. Тым больш, што да ўсяго гэтага яна не прыкладае ні матэрыяльных, ні маральных сродкаў», – кажа пацярпелая ў гады вайны Аліна Коннікава.

Аднак дзяржава праблемы не бачыць. Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі прыкрываецца заканадаўствам. А падаткаабкладанне замежнае дапамогі прадугледжвае аплату падаткаў за тавары, дагляд, а нават і за сродкі асабістае гігіены.

«Сам па сабе прынцып: за пракладкі, прабачце мяне, гігіенічныя браць падатак. Вы гэта чулі дзе-небудзь? Я – не!», – кажа пацярпелая ў гады вайны Аліна Коннікава.

Рэцыпіентамі гуманітарнае дапамогі Амерыканскага габрэйскага размеркавальнага камітэту «Джойнт» праз габрэйскія дабрачынныя арганізацыі ёсць тысячы беларусаў. Толькі праз дзевяць такіх арганізацыяў у Беларусь прыходзіць шэсць мільёнаў долараў за год.

«Ніякіх грошай не бярэм. Нашая дапамога абсалютна бескарысная. Мы са сваіх кліентаў грошаў не бярэм. Дастатковы крытэр, што чалавек патрабуе», – кажа Георгій Левін з дабрачыннай габрэйскай арганізацыі.

Але не для беларускае дзяржавы. Для вызвалення ад падатку патрэбны пакет дакументаў, асабісты ці праз прадстаўніка зварот. Хаця няма і адзінства падыходаў у кожным беларускі горадзе.

«Гэта ўжо нейкае хваляванне для любога сталага чалавека, якому любы прыход ужо падымае ціск, які б здаровы ён не быў. Нават 13%, якія яны павінны заплаціць, для іх гэта ўжо цэлая падзея, падзея ў жыцці, для некаторых – падзея для гаманца», – кажа куратарка сацыяльнай службы Ірына Гершановіч.

Падатак за дагляд пакуль прыпынілі. А вось за газавую пліту і сродкі гігіены, якія атрымала нашая гераіня ды ейная сястра, давядзецца плаціць.

«Гэты падатак на старых – гэта проста амаральна. Як за патранаж, які здзяйсняе дабрачынная арганізацыя, браць грошы? Вось маёй сястры 90 гадоў, мне – 77, слава богу», – кажа Аліна Коннікава.

І ў такім узросце, прайшоўшы праз Галакост, даводзіцца нешта даказваць дзяржаве. А яна папросту шукае грошы. Быў падатак на дармаедства, што выклікала масавыя акцыі пратэсту ўвесну ў Беларусі. Давялося саступіць. А вось ужо змагацца за свае правы старым габрэям будзе цяжэй.

Пад вечар у Міністэрстве па падатках і зборах у спробе збіраць грошы з пенсіянераў абвінвацілі тых, хто аказвае дапамогу – арганізацыю «Хэсэд».

Сяргей Падсасонны belsat.eu