У Беларусі – паўзучая дэвальвацыя


Сёння курс долара прабіў адзнаку ў адзін рубель і 90 капеек. Гэта максімальны кошт з красавіка. Тады як долар перакрочыў максімальную адзнаку ад снежня. Што адбывацца з валютаю і якія прагнозы далей?

Ад сярэдзіны траўня беларускі рубель павольна, але няспынна страчвае пазіцыі ў дачыненні да долара. За апошнія 30 дзён долар здаражэў у дачыненні да беларускага рубля на 2%

Адмыслоўцы тлумачаць: беларускі рубель падае ўслед за расейскім, а той, у сваю чаргу, услед за нафтай, якая, за апошні месяц патаннела амаль на 15% – ад 54 долараў за барэль месяц таму – да 46 цяпер.

«Іншыя вытворцы нафты могуць эфектыўна замяняць АПЕК на рынку. У прыватнасці, гэта амерыканскія вытворцы. Аказалася, што яны могуць ізноў зрушыць кошты ўніз», – кажа акадэмічны дырэктар ІПМ Кацярына Барнукова.

Беларускі рубель пакуль падае павольней за расейскі, але аналітык ФорэксКлуб Валеры Палхоўскі мяркуе, што гэта дзякуючы інтэрвенцыям Нацбанку, які згладжвае рэзкія ваганні. На думку Палхоўскага, існая дэвальвацыя беларускага рубля спыніцца ў раёне аднаго рубля і 93-х капеек за долар. Акадэмічны дырэктар Інстытуту прыватызацыі і мэнеджмэнта робіць наступны прагноз.

«Курс рубля можа вагацца ад 1 рубля 80 капеек за долар да 2.20, што мы бачылі раней», – кажа Кацярына Барнукова.

На думку Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, адна з пагрозаў для беларускага рубля ў агляднай будучыні палягае ў тым, што ў насельніцтва неўзабаве могуць скончыцца запасы валюты, якія беларусы прадаюць на ўнутраным рынку, падтрымліваючы так стабільнасць курсу. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poorʼs папярэджвае, што фінансавая стабільнасць можа скончыцца ў выпадку перабояў з рэфінансаваннем замежнай запазычанасці. То бок – калі ня ўдасца перапазычыць на тое, каб аддаць старыя даўгі. Беларускія аналітыкі, якіх мы апыталі, аднак прагназуюць гэткія сцэнары ў найбліжэйшыя месяцы.

 

Станісла Івашкевіч, belsat.eu