У Беларусі паменела на адну ільготу


Прынамсі да верасня школьнікі ў рэгіёнах будуць аплочваць праезд у грамадскім транспарце з уласнае кішэні.

«Гэтым дзяржава паказвае сваю антысацыяльную, антынародную скіраванасць. Бо калі кажуць – у нас усё для дзяцей, для людзей… Аказваецца, што не так ужо і шмат у нас для людзей?» – кажа маці пяці дзяцей з Магілёва Наталля Шкадун.

Выключэнне – Менск. Сталічныя школьнікі (акрамя тых, што скончылі 9-ты ці 11-ты клас) па-ранейшаму могуць замест праязнога паказваць даведку.

«Гэта ж дзеці, яны яшчэ не зарабляюць грошай. Таму лепш, каб быў бясплатны [праезд для іх]», – кажа жыхар Менску.

Іншы дзеліцца сваім меркаваннем:

«І падчас вакацыяў, я мяркую, трэба бясплатна ездзіць».

«Хаця, канечне, хацелася б ільготаў для пенсіянераў, бо дастаткова дорага», – адзначае жыхарка сталіцы.

Іншая заўважае:

«Мяне больш здзіўляе, чаму бясплатна ездзяць толькі школьнікі Менску. Чаму ў гэтым не ўдзельнічае ўся рэспубліка?»

Яшчэ больш востра гэтае пытанне гучыць у рэгіёнах – асабліва там, дзе заробкі ледзь не ўдвая ніжэйшыя за менскія.

«Канстытуцыя гарантуе роўныя правы жыхарам рэспублікі, да таго ж ёсць яшчэ закон аб правах дзіцяці, які таксама гарантуе роўныя правы ўсім дзецям», – працягвае Наталля Шкадун.

У гэтым жа законе прапісанае і права дзяцей на ільготы ў праездзе. Тэарэтычна яго можна рэалізаваць, звярнуўшыся з хадайніцтвам у мясцовы савет дэпутатаў.

«Я ведаю, што да бацькоў мясцовыя ўлады звычайна прыслухоўваюцца. І, напэўна, бацькі б маглі звярнуцца ў выканкам з пытаннямі, чаму так, з прапановамі, каб усё ж мясцовы бюджэт узяў на сябе адказнасць», – адзначае настаўніца са Смалявічаў Ганна Севярынец.

Але ці ёсць да чаго прыслухоўвацца? Пра захаванне ільготы ў нейкім рэгіёне краіны не чуваць. Між тым, кошт пасіўнасці бацькоў вельмі канкрэтны: «бясплатна» пад’ехаць, скажам, да кіно, парку ці музею школьніку па-за Менскам можа каштаваць ажно да 24,5 рублёў штрафу.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/ Forum