У Беларусі пачынаецца калійны бум


Беларусь ператвараецца ў «калійную Мекку». Мы абыдзем «Уралкалій» і пойдзем наперад. Гэтак, у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў, які распрацоўвае ў нашай краіне Нежынскае радовішча калійнай солі. Паводле прагнозу бізнесоўца, цягам чатырох гадоў ягоная кампанія павялічыць беларускую вытворчасць угнаенняў на чвэрць. Што адбываецца цяпер на калійным фронце і як на сабе ўсё гэта адчуюць беларусы?

Добрыя навіны з калійнага фронту. Рынак калійных угнаенняў – асноўнага экспартнага тавару Беларусі – ажыўляецца і паказвае шматабяцальныя перспектывы. Растуць попыт і кошты, а з імі – абʼёмы экспарту ды валютнага ўгандлёўвання.

Прычына – ажыўленне сусветнай эканомікі і глабальны рост насельніцтва. Перадусім – у Кітаі, Індыі ды Бразіліі, якія выступаюць асноўнымі пакупнікамі беларускіх угнаенняў. На руку калійным вытворцам грае павялічаны сусветны попыт на садавіну і гародніну, якія вымагаюць больш калію, чымся іншыя сельскагаспадарчыя культуры.

«І абʼёмы, і кошты, чакаецца, што ў 18-м, 19-м і, у перспектыве, да 20-га года яны будуць расці», – кажа аналітык парталу TELETRADE.BY Міхаіл Грачоў.

Сёлета, па выніках чатырох месяцаў, продажы беларускага калію і змяшаных угнаенняў за мяжу павялічыліся больш, чымся на 10 %. Агулам – амаль да $ 800 мільёнаў. Перадусім – за кошт падаражэння гэтай сыравіны. Абʼёмы продажу выраслі вельмі нязначна, але гэта таму, што айчынныя руднікі працуюць на максімальнай загружанасці яшчэ з мінулага года.

«Загрузка – цяпер яна ёсць. І гэта адзін са станоўчых момантаў, бо мы перажывалі часы, калі вымушаныя былі адпачынкі», – кажа Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Але ўжо цяпер у краіне распрацоўваюцца два новыя буйныя радовішчы: Петрыкаўскае ды Нежынскае. Апошняе на кітайскі крэдыт узводзіць расейская прыватная кампанія «Слаўкалій», якая належыць блізкаму да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцу Міхаілу Гуцэрыеву.

«Інвестыцыі будуць каля $ 2 мільярдаў. Безумоўна, гэта плюс для Рэспублікі Беларусь. Бо старыя радовішчы – яны на мяжы вычарпання», – кажа аналітык парталу TELETRADE.BY Міхаіл Грачоў.

Агулам цягам чатырох гадоў новыя калійныя магутнасці маюць павялічыць беларускую вытворчасць угнаенняў прыблізна на траціну. То бок з цяперашніх двух з невялікім мільярдаў долараў прыблізна да трох мільярдаў. Столькі, напрыклад, складае ўвесь гадавы рахунак Беларусі за імпарт расейскага газу. Але адмыслоўцы адзначаюць: каб кампенсаваць страты, назапашаныя дзяржаўнаю прамысловасцю, калійных прыбыткаў усё роўна не хопіць.

«Не хопіць «Беларуськалію», каб закрыць усе дзіркі ў дзяржаўным бюджэце, каб фінансаваць сацыяльныя праекты», – кажа Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Больш за тое, дадаюць эканамісты, пры існай эканамічнай сістэме калійны бум нясе для Беларусі не толькі выгады, але і небяспекі. Бо дадатковая прыродная рэнта, даючы магчымасць часова прыкрыць дзіркі ў фінансах дзяржаўнай прамысловасці, забірае ва ўладаў матывацыю да рынкавых рэформаў і, такім чынам, здушвае высокатэхналагічную вытворчасць. Паводле беларускай Акадэміі навук, доля інавацыйнай прадукцыі ў беларускім экспарце за апошнія 25 гадоў адстала ад сярэднесусветнай у пяць разоў.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu