Аб'ектыў 26.07.2018 У Беларусі пачалася «курыная вайна»


Звычайная кура з прылаўку звычайнай крамы ад звычайнага беларускага вытворцы. Сама яна наагул ні ў якім выглядзе не лятае. Але вось кошт на яе чамусьці ўзляцеў адразу на траціну!

Сем буйных вытворцаў мяса птушкі адначасова паднялі кошт на свае вырабы адразу на трыццаць адсоткаў. Адпаведна, кошт павысіўся і ў шэрагу гандлёвых аб’ектаў. Сітуацыя прыцягнула ўвагу антыманапольнікаў – са словаў прадстаўнікоў міністэрства, абгрунтаваных падставаў для рэзкага падаражэння няма, таму можна казаць пра змову вытворцаў мяса птушкі.

«Калі кошты на курыную прадукцыю вытворцы ў нашай краіне пакінуць на такім жа высокім узроўні, уздымецца пытанне аб мэтазгоднасці імпарту куранятаў бройлерных з Украіны. Ужо пры такіх коштах нашых вытворцаў эканамічна больш выгадна пастаўляць бройлерных куранятаў з Украіны», – кажа Віктар Маргелаў, старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

А для звычайнага спажыўца, паводле статыстыкі, і так кошты на мяса ў Беларусі былі вышэйшыя, чым у суседніх краінах – Польшчы, Украіне і Літве. Да таго ж, кажуць эксперты, своеасаблівыя войны вытворцаў і гандляроў у Беларусі адбываюцца ўжо даўно: аднойчы птушкафабрыкі спрабавалі прымусіць гандлёвыя сеткі не разбіраць курэй самім, а рэалізоўваць гатовую разабраную прадукцыю ад заводу па завышаным кошце. Усё гэта адбіваецца на спажыўцах.

«У нас вельмі нятанныя кармы для птушкагадоўлі, у нас на буйных птушкафабрыках зашмат персаналу… Пра тое, якое таннае зерне ў Беларусі, можна толькі здагадвацца. Яно не таннае зусім. А аснова ўсіх птушыных камбікармоў – гэта зерне, збожжа», – тлумачыць Іна Гармель, галоўная рэдактарка agrolive.by.

Са словаў экспертаў, падаражэнне мяса птушкі пачалося перад чэмпіянатам свету па футболе ў Расеі: маўляў, суседзям трэба шмат прадукцыі, большасць ідзе на экспарт. Беларускім жа гандлёвым аб’ектам паставілі ўмову: хочаце атрымліваць курэй, набывайце па высокіх коштах. Некаторыя пагадзіліся. Але пасля заканчэння спаборніцтваў цэны ня ўпалі.

«Увогуле, тыя крамы, якія паставілі бройлерных куранятаў па такіх высокіх коштах, не радуюцца, бо рэалізацыя значна паменшылася. У сённяшнім разуменні нашых людзей кураняты – гэта танны мясны прадукт. І калі ён па кошце набліжаецца да свініны, адпаведна, яго карыснасць для спажыўцоў значна падае», – адзначае, – кажа Віктар Маргелаў.

Разам з прэтэнзіямі да кошту ёсць пытанні і да якасці беларускіх курэй. Гэтак, толькі за мінулы год «Рассельгаснагляд» 27 разоў папярэджваў беларускую ветэрынарную службу, што ў нашых мясе ёсць недапушчальныя бактэрыі ці іншыя рэчывы. Паводле экспертаў, расейскі бок – далёка не самая аб’ектыўная інстанцыя, але і ў Беларусі адсутнічаюць незалежныя інстытуцыі для кантролю за якасцю харчоў.

«Трэба думаць пра тое, як не проста штампаваць кураціну на вытворчых аб’ектах інтэнсіўнага тыпу, як птушкафабрыкі, трэба займацца невялікімі фермерскімі гаспадаркамі», – падкрэслівае Іна Гармель,.

Такі падыход стварыў бы большую канкурэнцыю ў сферы, што дазволіла б як знізіць кошты на мяса птушкі, гэтак і падвысіць яго якасць. Аднак гэты крок вымагае не аднаго загаду, а сістэмных рэформаў ва ўсёй сельскай гаспадарцы.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары