У Беларусі – новая хваля барацьбы з карупцыяй


Новыя факты карупцыі выяўляюць беларускія сілавікі. Згодна з пракуратурай Менскай вобласці, сёлета ў першым паўгоддзі колькасць карупцыйных правапарушэнняў павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Чым тлумачыцца гэты ўсплёск, і як цяперашнія чысткі могуць адбіцца на беларусах?

Атрыманне хабару і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Як паведамляе сталічная пракуратура, найбольш распаўсюджаныя гэтыя з’явы – у галіне транспарту. За ёй у гэтым не ганаровым рэйтынгу ідзе прамысловасць. На трэцім месцы – сельская гаспадарка.

За першае паўгоддзе сёлета сілавікі выявілі 234 выпадкі парушэнняў у гэтай галіне. Летась іх было менш за 50.

Самымі рэзананснымі сталі чысткі ў структурах міністэрстваў здароўя і энергетыкі. У справе дактароў на сённяшні дзень арыштавана больш за паўсотні чалавек. Асноўныя абвінавачанні – завышэнне коштаў на імпартаваныя медпрэпараты і лекі. У кіраўніка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру траўматалогіі Аляксандра Бялецкага сілавікі знайшлі паўмільёна долараў. Дзясяткі функцыянераў арыштаваныя і ў сістэме Міністэрства энергетыкі. Міністр Патупчык і кіраўнік «Белэнерга» Воранаў страцілі свае пасады.

«Тавараабарачэнне ценявое – яно складае ўжо палову ВУП краіны. І гэта ўсё дзякуючы карупцыйным схемам», – кажа былы дэпутат Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Скрабец.

Абедзвюм згаданым справам папярэднічалі журналісцкія расследаванні. Пра надзвычайныя нацэнкі ў коштах медычных прэпаратаў паведаміла выданне «Наша Ніва». Кумаўство і завышэнне коштаў у энергетыцы паказалі расследаванні нашага тэлеканалу. Але, пасля пачатку чыстак, «Белсат» выявіў, што схемы ў «Белэнерга», праз якія выпампоўваюцца мільёны долараў грошай падаткаплатнікаў, працягваюцца практычна ў тым жа маштабе, што і раней. Манаполію на абслугоўванне пэўных галінаў энергетычнай інфраструктуры трымаюць прыватныя кампаніі, якія завышаюць кошты на паслугі шматкроць, у параўнанні з рынкавымі. А аплачваюць іх звышпрыбыткі звычайныя грамадзяне, якім выстаўляюць вышэйшыя тарыфы на электрычнасць і цяпло. Былы дэпутат і бізнесовец Сяргей Скрабец кажа, што гэткія схемы пранізваюць практычна ўсе галіны дзяржаўнай вытворчасці:

«Пры дзяржзакупах, пры тэндарах, пры дзяленні бюджэту ва ўсіх галінах – ЖКГ, медыцыне».

Адмыслоўцы канстатуюць: адзіная магчымасць знізіць колькасць карупцыйных правапарушэнняў – гэта адкрыць доступ грамадскасці да ўсёй дакументацыі, звязанай з закупамі дзяржаўных арганізацыяў. У Беларусі ёсць сайт дзяржаўных закупаў, але інфармацыя там няпоўная, і шмат якія арганізацыі не паведамляюць там аб пераможцах тэндараў і аб тым, як і за які кошт была ўрэшце выкананая праца. Беларусь – адзіная еўрапейская краіна Групы дзяржаваў у барацьбе з карупцыяй, якая забараняе ёй публікацыю доследаў аб барацьбе з карупцыяй у сваёй краіне.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА