Аб'ектыў 08.06.2018 У Беларусі хранічна не хапае грошай на пенсіі


Улады Беларусі плануюць зноў падняць пенсійны ўзрост жанчынам і выраўняць яго з мужчынскім – выхад на адпачынак у 63 гады. Вось такая яна – грымаса сацыяльнай дзяржавы.

Паводле афіцыйных звестак, бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, коштам сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, зазнае дэфіцыт з 2013 года. Адпаведна, дзяржава шукае варыянтаў, каб палегчыць нагрузку на бюджэт.

«Калі не падымаць пенсійнага ўзросту, то дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны можа дасягаць больш за два-тры адсоткі ВУП. Гэта вельмі сур’ёзная лічба – гэта супастаўляльна з нашымі бюджэтамі на адукацыю і ахову здароўя. Таму проста немагчыма дапусціць такога дэфіцыту», – адзначае акадэмічная дырэктарка «Beroc» Кацярына Барнукова.

У той жа момант, эксперты падкрэсліваюць: нельга рэзка падвышаць пенсійнага ўзросту, не праводзячы пры гэтым адпаведнай інфармацыйнай палітыкі, бо падобныя захады традыцыйна выклікаюць негатыўную рэакцыю насельніцтва. Дылема.

«55–60 гадоў – гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна ў 55 гадоў старая ці пенсіянерка. Слухайце, пакрыўдзяцца! Ну а калі мы кажам, што калі не старая і не пенсіянерка, дык давай папрацуй – іншае нейкае меркаванне…» – казаў Аляксандр Лукашэнка.

А як у суседзяў? Раней за нас на пенсію выходзяць толькі ў Расеі і Украіне. Беларускія мужчыны ў сярэднім жывуць на пенсіі менш за ўсіх суседзяў – усяго няпоўныя чатыры гады! А шмат хто да выхаду на заслужаны адпачынак проста не дажывае. У той жа момант беларускія жанчыны пасля заканчэння працоўнай дзейнасці жывуць больш за 20 гадоў. Гэта даволі высокі паказнік сярод суседніх краінаў. Таму і разглядаецца магчымасць падняць пенсійны век беларусак. Цікава, што яны думаюць на гэты конт?

Жыхары Менску кажуць:

«Нашае кіраўніцтва краіны думае, што на нашых жанчынах можна ехаць і далей».

«Як было ўсталявана 55 гадоў, хай так і застаецца. Жанчыны ў нас здаравейшыя не сталі».

«Як усе сыходзілі. Мы чакаем, спадзяемся, што так і пакінуць, бо здароўя няма ніякага».

«Не хапае грошай у пенсійным фондзе, людзям пенсію плаціць няма чым, вось і павялічваюць».

Сапраўды, востры дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны вымагае непапулярных крокаў ужо цяпер. Паводле экспертаў, у найбліжэйшы час сітуацыя можа толькі пагаршацца – насельніцтва старэе, больш за 25 адсоткаў беларусаў на пенсіі. У той жа момант за апошнія 24 гады насельніцтва краіны паменшылася больш як на 750 тысячаў чалавек. Таму казаць пра добрыя перспектывы не выпадае.

«Нават каб проста збалансаваць пенсійную сістэму да 2030 года, прыйдзецца падняць пенсійны ўзрост і мужчынам, і жанчынам да 65 гадоў. …Па сутнасці, сёння выбар у нас такі – альбо зніжаць пенсіі, альбо падвышаць пенсійны ўзрост», – кажа акадэмічная дырэктарка »Beroc« Кацярына Барнукова.

І зніжаць пенсіі проста ўжо няма куды. Гэтак, сярэдняя пенсія ў Беларусі складае ўсяго 160 долараў. У Літве і Латвіі – каля чатырохсот, а ў Эстоніі – увогуле прыблізна пяцьсот долараў. Больш, чым нават сярэдні заробак беларусаў паводле афіцыйных звестак! Вось табе і «дзяржава для народу».

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары