У Беларусь вяртаецца зіма


Другая палова вясны. Але ад яе мы маем толькі назву. За вакном – суворае надворʼе: з моцным ветрам, халадамі ды снегам. Тэмпература паветра гэтымі днямі апусцілася ніжэй за кліматычную норму на 5–7 градусаў. І бліжэйшым часам, паводле сіноптыкаў, паляпшэння чакаць не даводзіцца.

Каляднае надворʼе замест Велікоднага: на выходных у некаторых рэгіёнах Беларусі выпаў снег, але гэта, кажуць метэаролагі, толькі пачатак: мароз, мокры снег і галалёдзіца пратрымаюцца мінімум тыдзень.

«Хацелася б пацяплей, вядома».

«Настрою Пасхі не адчуваецца, калі такое надворʼе але ў прынцыпе холадна, непрыемна».

«Гэта цёплы снег, наадварот усё будзе – да ўраджаю, вельмі добра, радавацца трэба».

«Пасаджаны ўжо ўраджай, лук-батун, вось такі ўжо, а што часнык зімні – то ён прарос, не змерзне».

І сапраўды, у некаторых рэгіёнах краіны ўжо паспелі пасадзіць гародніну, а пасяўная пачалася на мінулым тыдні. Але, кажуць эксперты, такое надворʼе пасадкам не зашкодзіць.

«Даўнейшыя людзі трымаліся не пастановаў ЦК або адміністрацыі прэзідэнта, а трымаліся прыродных рэчаў. І казалі так, сей смела, калі ў садзе бела. Што да гародніны – то нічога не садзі, пакуль на дубе ліста не будзе. І было ўсё нармальна», – распавядае адмысловец у галіне сельскай гаспадаркі Міхал Залескі.

Тэмпература, ніжэйшая за норму, будзе трымацца ледзь не да канца месяца. Самая халодная будзе ноч з чацвярга на пятніцу: на ўсходзе Беларусі абяцаюць да мінус дзесяці. Днём жа слупок тэрмометра будзе падымацца да звычайных красавіцкіх 7–11 градусаў.

НХ belsat.eu