У Барысаве развіталіся з чатырма ахвярамі газавага атручання


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGbmlvc29ISUtwaVUlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]27 студзеня ў Барысаве ў выніку атручання газам загінула 6 чалавек.

Трагедыя адбылася ў сераду ў доме нумар 6 на Дняпроўскай вуліцы. Старыя дамы, пабудаваныя для вайскоўцаў у 60-тых, не маюць цэнтральнага ацяплення. Усе кватэры абсталяваныя газавымі калонкамі.

Першай трывогу забіла жанчына з чацвёртага паверху. З самай раніцы ў ейнай кватэры адчуваўся запах газу. Жанчына выклікала газавікоў. Адмыслоўцы зрабілі замеры ды сцвердзілі, што прычынаў для непакою няма.

«Мне было вельмі дрэнна, я нічога не чула, траілася ў вачах. Такога стану ў мяне ў жыцці ніколі не было, ні пры якой хваробе. Я разумела, што я ў хаце адна з дзіцём і можа здарыцца што заўгодна», – узгадвае барысаўчанка.

Жанчына яшчэ раз выклікала газавікоў, безвынікова. Запрашала працаўнікоў ЖЭСу, званіла ў санстанцыю. Некалькі разоў яе забірала хуткая дапамога. А палове на 10 увечары ў дзверы пагрукалі ды сказалі, што ў кватэрах ніжэй усе памерлі. На другім паверсе загінула цэлая сям’я. Іх знайшлі ў звычайных позах: маці з бацькам глядзелі тэлевізар, дачка сядзела за камп’ютарам, а хлопчык быў у ваннай.

Намеснік кіраўніка следчага камітэту Аляксей Волкаў заявіў, што ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу 428 УК Беларусі – «службовая занядбанне». СК вядзе следчыя дзеянні.

Рабочыя газавай службы, якіх нашая здымачная група заспела на месцы трагедыі, ад каментароў адмовіліся:

«Гэта ўсё да галоўнага інжынера або дырэктара. Нам нічога не тлумачылі: далі задачу – мы працуем».

Дырэктар барысаўскага філіялу «Менскаблгазу» Аркадзь Сушкін у тэлефоннай размове паабяцаў даць афіцыйную ацэнку прычынаў трагедыі, аднак праз некалькі хвілінаў ён змяніў сваю думку і катэгарычна адмовіўся размаўляць з журналістамі.

У інтэрв’ю інтэрнэт-старонцы Onliner Сушкін запэўнівае, што канцэнтрацыя прыроднага газу ў памяшканнях была ў норме:

«Магчымая прычына смерці людзей – атручанне чадным газам у выніку няправільнай працы дымавых і вентыляцыйных каналаў».

Прыбораў, каб правяраць узровень угарнага газу, газавая служба не мае.

Суседка загінулых лічыць, што справу занядбаў ЖЭС:

«Гэта ж трэба чысціць, а яны прыходзяць, падпішыце – і ўсё, да пабачэння. Яшчэ і грошы могуць узяць».

Пакуль жа ідзе следства, людзі гадаюць, хто вінаваты ў гэтай трагедыі. Але высновы з яе варта зрабіць кожнаму, прынамсі пацікавіцца станам газавага абсталявання ў сваёй кватэры і ўзгадаць, калі апошні раз адбывалася правяранне сістэмы вентыляцыі.

Ян Брыскер