У Барысаве людзі жывуць на развалінах


У 1956 годзе на вуліцы Паўла Рака ў Барысаве склады аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў перабудавалі ў часовае жытло для працаўнікоў – баракі – дамы без камунальных выгодаў. Планавалася, што людзі заселяцца ў іх на кароткі час, а пасля дзяржава прадставіць ім кватэры. Прайшло 70 год, жыхары баракаў вырасцілі ў іх дзяцей ды ўнукаў, стан будынкаў значна пагоршыўся, а перасялення дагэтуль не адбылося.

Некаторыя барысаўскія дзеці ніколі не бачылі ў сваіх дамах крана з вадой, батарэі ці ўнітаза – бо такіх рэчаў у бараках папросту няма. Ваду жыхары бяруць з адзінай калонкі ў двары, прыбіральня таксама на вуліцы, для ацяплення топяць печку, а ежу гатуюць на газе з балонаў.

«І мы так прыгожа глядзімся каля міліцыі. У нас у міліцыі пабудавалі для зэкаў прыбіральню, у іх там хіба душавыя ёсць, у іх вада ёсць. А ў нас няма нічога», – скардзіцца мясцовая жыхарка.

Комплекс баракаў месціцца акурат каля барысаўскага ізалятару часовага ўтрымання. Менавіта яго ўтрыманцам зайздросцяць жыхары. Улады ж аб праблемах баракаў ведаюць: некалькі гадоў таму адмысловая камісія прызнала баракі непрыдатнымі для пражывання.

«Аднак былі яны прызнаныя ў 12-м годзе, а ўжо ў нас 18-ты. І цяпер так кажуць, што гэта ўсё не дзейнічае, вашыя баракі ўжо не аварыйныя. Куды падзелася аварыйнасць? У трубу вылецела», – кажа жыхарка барака Таццяна Мазгова.

Абяцаюць перасяліць ужо 25 гадоў

Неаднаразова на дзвярах дамоў з’яўляліся адпаведныя абвесткі з запрашэннем з’явіцца ў жыллёвае ўпраўленне. Сёлета ж чыноўнікі нават перасталі абяцаць.

«Наш новы мэр сказаў так: 240 баракаў у горадзе Барысаве, ёсць горшыя за нашыя. Нашыя баракі цагляныя, і ў бліжэйшы час не разлічвайце, цуду не чакайце – ніхто вашых баракаў зносіць не будзе», – распавядае Таццяна.

У Барысаве налічваецца больш за дзвесце дамоў барачнага тыпу. Штогод рассяляюць каля пяці-шасці. Пры такіх тэмпах праблема застанецца яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў.

«Як сказаў новы старшыня райвыканкаму, патрэбна 2000 кватэраў, гэта 20 шматпавярховых дамоў. Гэта вялікая колькасць для Барысава. Не ведаю, наколькі магчыма ў цяперашнім эканамічным стане нешта зрабіць. Хоць знаходзяцца грошы і на арэну, і на лядовую арэну пэўна знойдуцца», – мяркуе журналіст Павал Магілін.

Паколькі спадзявацца на хуткі пераезд не выпадае, шмат якія жыхары баракаў імкнуцца наладжваць свой побыт і асяроддзе. А што ж тым, хто такіх магчымасцяў не мае?

Пабудаваць дом на 100 кватэраў, у які змогуць засяліцца жыхары цяперашніх баракаў, ужо ў 2019 годзе – такі намер мае старшыня Барысаўскага райвыканкаму, паведамляе інтэрнэт-рэсурс mlyn.by. Ці сапраўды ў хуткім часе пабудуюць такі шматпавярховік, і ці змогуць у яго перасяліцца жыхары гэтых дамоў, пакуль не вядома. Але цуду ў бараках на вуліцы Рака, ужо даўно не чакаюць.

Таццяна Белашова, «Белсат»