У Баршчоўцы людзі жывуць у нечалавечых умовах: са столі ліецца, дах валіцца


У вёсцы Баршчоўка на Віцебшчыне людзі звяртаюцца да мясцовага начальства па дапамогу, дасылаюць сігнал SOS грамадскім актывістам, каб дапамаглі развязаць праблемы з рамонтам дому, з пітною вадой, дарогамі.

Некалькі кватэраў у жудасным стане ў вёсцы Баршчоўка на вуліцы Маладзёвая, 1. Віцебскі райвыканкам хутка будзе прапаноўваць гэтыя кватэры тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Таму можаце спяшацца запісвацца ў чаргу.

Віцебскі райвыканкам паведамляе, што адмыслоўцы ЖКГ правялі агляд жылога дому нумар 1 на вуліцы Моладзевая ў вёсцы Баршчоўка.

«Стан дому здавальняльны, дах не цячэ, цагляныя вонкавыя сцены і фундамент у здавальняльным стане. Правядзенне рамонтавых працаў не патрабуецца», – распавялі ў Віцебскім райвыканкаме.

Інакш цвердзяць жыхары дому.

«Цячэ дах. Са столі ліецца. Як лівень пачынаецца, у нас ліецца ўсё», – распавядае жыхарка вёскі Баршчоўка Алена Волкава.

«Вецер моцны быў – дах валіцца. Ну а пад’езды, дык вы ж бачыце, якія дзверы, ніхто нічога не робіць – усё сваймі рукамі, як ёсць матэрыял які, то падрабляем самі, каб узімку холадна не было», – кажа жыхар вёскі Баршчоўка Нурыман Закіраў.

У той жа час у вёсцы знікаюць дамы, што б маглі даць прытулак людзям, якія жывуць у нечалавечых умовах. Гэтак, адзін з такіх будынкаў папросту зруйнавалі ды закапалі. Здарылася гэта амаль тры гады таму з нагоды пахавання былога старшыні Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Аляксандра Ацясава. Маўляў, дом псаваў выгляд селішча.

«Тут было пахаванне, чыноўніка Ацясава хавалі, вось узялі гэты дом, проста прыехаў экскаватар, бульдозер, хуценька ўсё закапалі», – кажа жыхар вёскі Баршчоўка Нурыман Закираў.

Акурат перад пахаваннем галоўнага дэпутата вобласці ў Баршчоўцы паклалі асфальт, праўда, толькі да могілак.

«Мы бачым дарогу: вось дарога… памер чыноўнік, вялікі чыноўнік. Пры жыцці ён нічога не змог зрабіць для народу. Ну хоць пасля смерці зрабіў. Застаецца толькі чакаць… Прабач, Госпадзі», – кажа актывістка БХД Алена Янушкоўская.

А тыя з чыноўнікаў, хто мог бы нешта зрабіць, пакуль відавочна трымаюцца бяздзейнасці. Аднак здавацца не варта – раяць праваабаронцы.

«Я рэкамендую жыхарам гэтай вёскі, як і іншых вёсак, напружыць дэпутатаў, каб яны ўзгадалі пра свае абяцанні і не толькі ўзгадалі, але і выканалі ў інтарэсах сваіх выбарнікаў», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

Гэткая сітуацыя далёка не адзіная ў нашай краіне. Але, як сведчыць досвед, змаганне за лепшыя ўмовы жыцця можа прынесці станоўчыя вынікі.

Алёна Шабуня belsat.eu