У 20-градусны мароз жыхары Дзяржынскага раёну засталіся без цяпла, святла і вады


Дваццаціградусны мароз, паўночны вецер. А што рабіць, калі няма як сагрэцца? Жыхарам вёскі Грычына Дзяржынскага раёну давялося абыходзіцца без электрычнасці, цяпла і вады.

Святло адключылі ўначы і пачалося!

А з увагі на тое, што для працы сістэмы ацяплення – газавых ці цвердапаліўных катлоў неабходная электрычнасць, жыхары засталіся яшчэ і без ацяплення.

«Прачнуліся мы, святла не было. Кацёл, ацяплення перастаў працаваць, батарэі хутка астылі. На вуліцы вельмі халодна, страшна, каб батарэі зусім не размерзліся», – распавядае жыхар вёскі Грычына Мікалай Козел.

Адсутнасць электрычнасці пацягнула і адключэнне вады

Бо помпавая станцыя таксама не можа працаваць аўтаномна.

Крытычная сітуацыя ў сувязі з маразамі склалася не толькі ў Дзяржынскім раёне. Паводле звестак МНС, у Менскай вобласці зафіксаваныя прынамсі сем выпадкаў абмаражэння. Разам з узмацненнем маразоў вырасла колькасць узгаранняў. Толькі за мінулыя содні ў краіне адбылося 18 пажараў, у агні загінулі чатыры чалавекі. Адбіліся маразы і на аўтамабілістах. Хтосьці не змог завесціся, тым жа, хто выехаў, давялося адчуць цяжкасці язды ў галалёд. (зняты планы машыны ў абочыне) Прагноз на бліжэйшыя дні не абнадзейвае. Слупкі тэрмометраў апусцяцца яшчэ ніжэй.

«Чакаецца вельмі халоднае надвор’е»

«На большай частцы тэрыторыі мінімальная тэмпература будзе апускацца да 25 – 27 градусаў марозу. А ў асобных рэгіёнах магчыма паніжэнне да – 32. Найбольш халодныя чыкаюцца ноч на 7 і 8 студзеня», – папярэджвае Аляксандр Бяганскі з аддзелу кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я «Гідрамет».

Яшчэ больш сітуацыю пагоршыць моцны паўночны вецер

«Па папярэднім прагнозе такое дастаткова халоднае надвор’е будзе яшчэ і ў пачатку наступнага тыдня. Адлігу можна будзе чакаць толькі ў канцы наступнага працоўнага тыдня», – дадае спадар Бяганскі.

Адчувальных ападкаў не чакаецца, магчымы толькі невялікі снег на паўднёвым усходзе краіны. Тэмпература будзе ніжэйшая за норму.

Вольга Чайчыц, «Белсат»