Аб'ектыў 30.01.2017 Тысячы людзей прыйшлі развітацца з Аляксандрам Ціхановічам


Народны артыст Беларусі памёр 28 студзеня ў Менску на 65-м годзе жыцця. Дачка артыста Анастасія Ціхановіч распавяла ў інтэрвʼю для kp.by, што ейны бацька пакутаваў на рэдкае аўтаімунае захворванне лёгкіх – ідыяпатычны фібразуючы альвеаліт.

Развітанне з Аляксандрам Ціхановічам

У храме Аляксандра Неўскага на вуліцы Казлова, 11 адбылася памінальная літургія і адпяванне.

На літургію і адпяванні прыйшла ўся сямʼя артыста. Развітацца з артыстам прыехалі таксама сябры і калегі.

Яўген Крыжаноўскі на развітанні з Аляксандрам Ціхановічам

Развітанне з Аляксандрам Ціхановічам

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава

Грамадзянская паніхіда пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ад 11:00 да 14:00.

Людзі прыйшлі развітацца з народным артыстам

Развітанне з Аляксандрам Ціхановічам

«Ты куды мяне клічаш, паслухай…» Творцы і сябры ўзгадваюць Аляксандра Ціхановіча

Выканаўца незабыўнае «Завірухі», «Малінаўкі» і добрага тузіну вядомых кожнаму шлягераў, спадар Аляксандр апошнія гады цяжка хварэў, але працягваў займацца музыкаю. Сябрам ён запомніўся перадусім сваёй стойкасцю і дабрынёю, кажа народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

«Вельмі добры быў чалавек. Добразычлівы. Безадмоўны – ніколі не адмаўляў людзям, калі яго пра нешта прасілі. У яго такая ўнутраная цеплыня была вялікая. І гэта вельмі прыцягвае людзей».

Пасля бравурнага дэбюту ў 1973 годзе ў ансамблі «Верасы», дзе музыка і пазнаёміўся з будучаю жонкай Ядвігаю Паплаўскаю, Аляксандр Ціхановіч доўгі час спяваў у дуэце з Паплаўскаю, заснаваў Тэатр песні, пазней – прадзюсарскі цэнтр.

Падтрымліваў, між іншага, Аляксандра Саладуху і гурт «Ляпіс Трубяцкі». Адбіраў удзельнікаў Беларусі на «Еўрабачанне» ў праекце «Еўрафэст». Быў музычным кіраўніком каналу СТВ. У 2006 годзе за значны ўнёсак у развіццё нацыянальнае культуры Аляксандру Ціхановічу і Ядвізе Паплаўскай надалі тытулы народных артыстаў Беларусі. Смутку не хавае музычны крытык Зміцер Падбярэзскі:

«За апошнія паўтара года са складу «Верасоў» сышлі тры чалавекі: спачатку Валодзя Вугольнік, потым Гена Старыкаў, і вось цяпер – Саша… Я як зранку ў суботу пра гэта пачуў – усё, у мяне дзень вылецеў… Я нічога не мог рабіць. Вельмі шкада, канечне».

Развітацца з Аляксандрам Ціхановічам прыйшлі сябры ды творчыя калегі, якія разам стваралі любімыя ўсімі творы. Між іншых, аўтар рамантычных баладаў «Верасоў» паэт Уладзімір Някляеў:

«Мы былі абʼяднаныя – не толькі маладосцю, але музыкай, паэзіяй. Пасля сталася тое, што сталася: прыйшоў чалавек, які пачаў разʼядноўваць людзей палітыкай. І нават цяпер я кажу пра Ціхановіча вам, а Эдуард Ханок – дзяржаўнаму тэлебачанню…»

Пахавалі Аляксандра Ціхановіча на Усходніх могілках. Артысту было 64 гады.

Вольга Гардзейчык, Аляксандра Дорская, Валер Руселік, ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары