Да менскага пратэсту далучаюцца рэгіёны


Абласныя актывісты напоўніцу рыхтуюцца да акцыяў нязгоды ў Магілёве, Гомлі, Горадні.

Пятнічны шматтысячны пратэст у Менску адгукнуўся рэхам па ўсёй краіне. Рэгіянальныя актывісты і проста тыя, каго назвалі дармаедамі, не хаваюць бадзёрага настрою.

«Калі беларус дасягае пэўнай кропкі кіпення, то беларуса ўжо не спыніць нішто, ён дзеля свабоднага дастойнага жыцця будзе грызці ўсё. І ўчорашняе шэсце паказала гэта ва ўсёй «красе». Малайцы, я ганаруся народам Беларусі», – кажа «дармаед»-блогер з Гомля Максім Філіповіч.

Да кропкі кіпення дайшоў і сам ён, ягоны блог на «Youtube» мае сотні тысячаў праглядаў.

«Хай называюць дармаедам, мне ўжо ўсё роўна. Галоўнае, што я не раб», – заяўляе блогер у адным са сваіх відэаролікаў.

Незадаволенасць назапасілася і ў іншых жыхароў Гомля. Нягледзячы на тое, што заўтрашні пікет мясцовыя ўлады тут не дазволілі, а плошчу Паўстання застаўляюць намётамі для кірмашу, людзі рыхтуюцца выйсці на акцыю.

«Неабходна захоўваць такую актыўнасць. Таму што ніхто не пойдзе на саступкі, тым больш сённяшнія ўлады, калі не будзе пратэставых настрояў, калі не будзе патрабавання скасаваць гэты дэкрэт», – мяркуе Васіль Палякоў, намеснік старшыні АГП у Гомлі.

Пратэставых акцыяў не дазволілі ўва ўсіх абласных гарадах. Але і магілёўскія актывісты, таксама натхнёныя падзеямі ў Менску, заўтра дома сядзець не будуць ды іншых запрашаюць на пешаходную вуліцу Ленінскую.

«Нам ніхто не забараняе ў выходны дзень проста прыйсці на гэтую вуліцу і прагуляцца, сустрэцца з сябрамі і паразмаўляць», – кажа Алег Аксёнаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Ахвотных прагуляцца заўтра па вул. Ленінскай мы сустрэлі багата.

«Калі б ён быў тут заўтра, то я б з задавальненнем прыйшоў, але калі ён будзе ў адстойніку там на Чалюскінцаў, то не», – кажа мужчына.

Дзяўчына, да якой мы звярнуліся з пытаннем, адзначае:

«Я лічу, што павінныя выйсці ўсе, хто супраць. Не баяцца, што іх пакараюць. Усялякае бывае, але я лічу, што свае правы трэба адстойваць».

Адначасова, імаверна са спадзевам збіць градус напружанасці ў грамадстве, у шэрагу гарадоў чыноўнікі сёння ладзілі сустрэчы з гэтак званымі «дармаедамі». У Магілёве грамадзянаў прымаў у тым ліку старшыня гарвыканкаму Уладзімір Цумараў. Сваймі ўражаннямі ад сустрэчы з «Белсатам» падзяліўся Сяргей Алёхін, які раней працаваў у Расеі.

«Толькі што выйшаў з прыёмнай Цумарава, там быў асабіста ён і цэлая дэлегацыя напэўна ўсіх органаў, з падаткавай. Выснова адна: адказалі збіраць паперы, аддаваць, то бок я нават зараз, калі прайшоўся па вуліцы, скарыстаўся ільготамі гораду», – кажа Сяргей Алёхін, якога запісалі ў «дармаеды».

Не стае грошай на асвятленне, рамонт дарог, фінансаванне «койка-месцаў» у шпіталях – гэтак чыноўнікі падчас сустрэчы абгрунтоўвалі неабходнасць падатку. Заўвагі прысутных, што з транспартавых квіткоў і тавараў у краме грамадзяне таксама плоцяць падаткі, высокія пасадоўцы не палічылі вартымі адказу. Па выніках спатканняў магілёўцы заўважаюць, што сапраўднага дыялогу з уладамі не будзе.

«Дзяржава не абараняе ніяк. Вось трэцюю спробу раблю. У мяне праблема вялікая з маім любімым дарослым сынам. Я вельмі расстроеная», – са слязамі на вачах распавядае жыхарка Магілёва.

І такая глухата да патрэбаў людзей толькі больш пераконвае іх у слушнасці іншых спосабаў данесці свае патрабаванні. Апроч мірных пратэстаў у Гомлі і Магілёве, недармаеды збяруцца заўтра і на Савецкай плошчы ў Горадні.

Чытайце таксама:

Таццяна Рэут, belsat.eu