Тысяча чалавек штомесяц. Чаму беларусы выміраюць?


Беларусаў стала менш. Мы зноў не дацягваем да адзнакі дзевяць з паловаю мільёнаў. З леташняга кастрычніка да ліпеня насельніцтва краіны скарацілася на 10 тысячаў чалавек.

Цягам апошніх гадоў дэмаграфічная дынаміка была пазітыўная

Летась і пазалетась назіраўся прырост насельніцтва, як натуральны праз нараджальнасць, гэтак і міграцыйны за кошт прыезджых з Украіны, Расеі, Казахстану. Але прагнозы несуцяшальныя: паводле даследаванняў НІІ працы пры Міністэрстве працы, да 2030-га года беларусаў будзе 8,9 мільёнаў.

«Выхаваннем дзяцей займаюцца жанчыны, трэба арыентавацца на іхныя патрэбы. У прыватнасці зніжаць рызыку ад страты працоўнага стажу, уцягваць мужчын у выхаванне, каб жанчынам было лягчэй пасля вяртацца да працоўнай дзейнасці», – раіць сацыёлаг Алена Арцёменка.

У Беларусі дзее ўжо трэцяя дэмаграфічная праграма

Прынятая летась, яна прадугледжвае ахову і падтрыманне семʼяў з дзецьмі, барацьбу з неінфекцыйнымі захворваннямі (напрыклад, анкалогія, сардэчныя хваробы), алкагалізмам насельніцтва, распаўсюдам туберкулёзу і ВІЧ, а таксама зніжэнне эміграцыі беларусаў. Ці эфектыўная гэтая праграма?

«Некаторыя рэчы ў нас робяцца ўдала, у нас нізкая дзіцячая смяротнасць, нізкая мацярынская смяротнасць. Але пры гэтым вельмі многа сурʼёзных праблемаў, напрыклад разрыў працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі», – тлумачыць спадарыня Арцёменка.

Адна з прычынаў вымірання – адставанне развіцця рэгіёнаў ад сталіцы

Менск за час незалежнасці толькі павялічваўся. Хоць упершыню з ваенных часоў горад зазнаў змяншэнне колькасці жыхароў, хай і мізэрнае для двухмільённага гораду – за тры месяцы 300 чалавек. Як развіццё гораду бачаць менчукі?

«Залежыць ад таго, як ён будзе разрастацца? Трэба многа месца, вялікая прастора для таго, каб жыць у ім, каб не стаялі шчыльна, каб не было шчыльнай забудовы».

«Усе мусяць вярнуцца да сваіх каранёў, у вёску, таму што Менск у асноўным – гэта жыхары вёсак».

– мяркуюць апытаныя намі жыхары сталіцы.

Але абсалютная большасць беларусаў жыве ў гарадах

Зрэшты, вярнуцца да каранёў складана з выключна практычных прычынаў – магчымасцяў зарабіць на сяле вельмі мала. А тут рукою падаць і да злоўжывання спіртным, ранніх захворванняў і высокай смяротнасці.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum