Тыдзень у шпіталі пасля ператрусу. А «траву» так і не знайшлі


Апраўданая жорсткасць ці празмернае ўжыванне сілы? «Аб’ектыў» звярнуўся да людзей, якія асабіста сутыкнуліся з тым, як працуюць айчынныя сілавікі з падазраванымі ў распаўсюдзе наркотыкаў. Праваахоўнікі, безумоўна, мусяць рабіць сваю працу, але калі глядзець на іхныя дзеянні адпаведна закону, то ўсе справы могуць рассыпацца яшчэ да судовых пасяджэнняў.

«Закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Гузакі яшчэ былі, можа ўжо пасходзілі, нага была пабітая, білі і па спіне дубінкай, і па нагах, і ўсё дапытвалі: дзе трава?»

Жыхар вёскі Макавішчы Уздзенскага раёну распавядае, як на мінулым тыдні сутыкнуўся з праваахоўнікамі з Дзяржынскага РАУСу. Сусед, у якога знайшлі цэлы пакунак марыхуаны, паказаў, што набыў яе ў нашага суразмоўцы. Сілавікі не сталі высвятляць, праўда гэта ці не, – затрымлівалі гэтак, што давялося тыдзень правесці ў шпіталі. Ніякіх рэчываў у часе ператрусу не знайшлі.

Вольга Кавалькова – адна з аўтарак альтэрнатыўнага антынаркатычнага законапраекту, які цяпер разглядае Палата прадстаўнікоў, і яна кажа: артыкул 328 выклікае шмат пытанняў не толькі ў працы міліцыі. Вольга Кавалькова, юрыстка, сустаршыня БХД:

«Тут пытанні, канешне, і да судоў, якія толькі чуюць 328 – адразу даюць 10 гадоў. Вельмі шмат пытанняў увогуле да следства».

Пра парушэнні ў працы сілавікоў, якія звязаныя з рэзанансным артыкулам 328, кажа і Марына Мацулевіч, якая на мінулым тыдні абвяшчала галадоўку пад ізалятарам на вуліцы Валадарскага. За спробу зрабіць закладку з наркотыкамі яе сына ўжо год трымаюць у СІЗА. Марына Мацулевіч, маці затрыманага паводле арт. 328 КК:

«Незаконна яго апыталі, гэтага нельга было рабіць, калі стаяла 3-я частка арт. 328, то адвакат мусіў быць з моманту затрымання. Незаконна праводзілі экспертызу, незаконна два дні ўтрымлівалі ў РУУС, дзе нельга было ні спаць, ні есці, гэта псіхалагічны і фізічны ціск, фактычна катаванні».

Нягледзячы на супрацу са следствам, сыну Марыны пагражае да 14-ці гадоў зняволення. Жанчына ўпэўненая, што самыя цяжкія часткі 328-га артыкулу трэба ўжываць толькі супраць арганізатараў злачынных групаў. Марына Мацулевіч, маці затрыманага паводле арт. 328 КК:

«Усе, што ў нас сядзяць цяпер дзеці, – гэта 1 і 2 часткі максімум. Я кажу аб тым, што 3 і 4 часткі трэба пераглядаць, бо не могуць гэтыя дзеці быць наркабаронамі. Справа не ў заканадаўстве – справа ў яго ўжыванні».

Цяпер ледзь не кожны трэці, хто сядзіць за кратамі, праходзіць паводле наркатычных артыкулаў, кажуць суразмоўцы «Белсату». Вольга Кавалькова, юрыстка, сустаршыня БХД:

«Мы на выхадзе маем 17 тысяч людзей, з сярэднім узростам 20–22 гады, якія праз дзесяць гадоў выйдуць. Што дзяржава будзе з імі рабіць, з гэтымі дзецьмі, якія не атрымалі адукацыі, досведу? Кім яны будуць у грамадстве? Пра гэта размовы не ідзе. Мы думаем, што такое жорсткае пакаранне сапраўды вырашае праблему».

Апошнія два гады грамадства дамагаецца зменаў і змякчэння «наркатычнага» 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Увага медыяў і пэўная палітызацыя пытання прынамсі зрушылі гэтае пытанне з мёртвай кропкі.

АН, belsat.eu