Эрдаган заявіў пра перамогу на рэферэндуме


 

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў пра перамогу на рэферэндуме прыхільнікаў пераўтварэнне краіны ў прэзідэнцкую рэспубліку. Пасля падліку 99,96 % галасоў «за» прагаласавалі 51,2 % выбарнікаў.

У якіх умовах адбываўся рэферэндум – у нашым відэасюжэце (тэкст ніжэй).


Калі туркі падтрымаюць канстытуцыйную рэформу, то Эрдаган зможа застацца на пасадзе прэзідэнта да 2029 года.

Асабіста зможа прызначаць міністраў, атрымае права распускаць парламент і абвяшчаць у краіне надзвычайнае становішча, а таксама прызначаць абсалютную большасць суддзяў Канстытуцыйнага суда. Гаворка пра прэзідэнта Турцыі, які праз рэферэндум дамагаецца змены Канстытуцыі. Эрдаган усё яшчэ абяцае дамагчыся сяброўства Турцыі ў Еўрапейскім Звязе, але рушыць у бок аўтарытарнага клубу.

Рэджэп Таіп Эрдаган у палітыцы з 1994 года. Ад мэра Стамбулу праз фатэль прэмʼера, апошнія тры гады ён займае пасаду прэзідэнта Турцыі. У выпадку, калі канстытуцыйную рэформу, якую распрацавала ягоная каманда, падтрымаюць у часе нядзельнага рэферэндуму, баланс паўнамоцтваў розных галінаў улады будзе знішчаны, а Эрдаган зможа застацца на пасадзе прэзідэнта да 2029 года.

«Спадзяюся, пасля таго, як зачыняцца выбарчыя ўчасткі ды будуць падлічаныя галасы, Турцыя рушыць у будучыню, зрабіўшы чаканы выбар. Я веру, што мае людзі валодаюць здаровым сэнсам, яны правялі кампанію, якая дазволіць разважліва ісці ў будучыню», – заявіў Эрдаган.

Што рабіць людзям, якія не пагаджаюцца з рэформаю Канстытуцыі, палітык не патлумачыў. Агулам праект зменаў складаецца з 18 фундаментальных паправак. Калі грамадзяне скажуць «так» праекту Эрдагана, Турцыя пяройдзе ад парламенцкай да прэзідэнцкай формы кіравання, а пасада прэмʼера будзе зліквідаваная. Паводле папярэдніх звестак, колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў зменаў – прыкладна аднолькавая.

«Мы сёння галасуем за лёс Турцыі. Усе нашыя грамадзяне пойдуць да скрыняў і будуць адказна галасаваць. Спадзяюся, што будзе добры вынік, і мы будзем мець магчымасць абмеркаваць іншыя фундаментальныя праблемы Турцыі», – адзначыў лідар апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу.

Чытайце таксама:

У дзень галасавання абстралялі выбарчы ўчастак у правінцыі Дыярбакыр, дзве асобы былі забітыя і адна – параненая.

Але наўрад ці гэты выпадак моцна паўплывае на міжнароднай ацэнку рэферэндуму. Яшчэ ў часе рыхтавання народнага волевыяўлення Эрдаган здолеў пасварыцца з еўрапейскімі лідарамі, якія адмоўна паставіліся да ідэі змены Канстытуцыі Турцыі. Зрэшты, назіральнікаў ад АБСЕ ў Турцыю запрасілі.

«Нашая роля палягае на тым, каб ацаніць правядзенне рэферэндуму паводле міжнародных стандартаў. Галасаванне мае прайсці ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, а таксама стандартамі АБСЕ і Рады Еўропы», 0 адзначыла Тана дэ Цулюэта, старшыня місіі назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ.

Сярод іншых зменаў, якія могуць чакаць Турцыю, напрыклад, забарона вайскоўцам браць удзел у выбарах.

Пакуль жа прагаласаваць маглі больш за 55 млн туркаў, у тым ліку і тыя, хто жыве ў Еўрапейскім Звязе.

Праект змены турэцкай Канстытуцыі стаўся рэакцыяй уладаў на спробу дзяржаўнага перавароту, якая адбылася летась у ліпені. Пасля гэтага 120 тысяч асобаў былі звольненыя з дзяржаўнай працы, 47 тысяч туркаў былі арыштаваныя, любое іншадумства жорстка здушвалася. Рыхтаванне да рэферэндуму адбывалася пры ўведзеным надзвычайным становішчы.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu