«Цяпер нам лягчэй, бо падае дождж». Як вёска памірае ад смагі


Вёска Суйкава, што на Віцебшчыне, – гэта вам не глухмень! 113 падворкаў, пяць пяцікіламетровых вуліц, ад абласнога цэнтру ўсяго кіламетр! Здавалася б, жыві ды цешся! Але ж якое гэта жыццё, калі няма… вады? Усе студні, апроч адной, у Суйкаве сухія – дый і з тае, адзінае, піць нельга.

Цэнтральны водаправод праведзены толькі да 35-ці падворкаў.

«Нам даводзіцца ездзіць у горад за бутыляванай вадой альбо, выпадкам, у кватэрах сваіх знаёмцаў. Вось гэтак і жывем. Сёлета, дзякуй Богу, нам крышачку лягчэй, бо ідуць дажджы. А наагул – дык праблема. Апошнія некалькі гадоў запар была засуха, дык мы ўвогуле паміралі!», – сведчыць жыхарка вёскі Алена Янушкоўская.

І гэта – у бадай найбольш азёрным краі нашае Сінявокае

Мясцовыя ж чыноўнікі, да якіх жыхары звяртаюцца па дапамогу вось ужо дзесяць гадоў, адказваюць адпіскамі: маўляў, усё будзе добра, водаправод пабудуем, пацярпіце!

«Адказы мы атрымліваем: маўляў, працы па водазабеспячэнні будуць працягвацца. Але на сённяшні дзень – вось ужо сярэдзіна лета – мы нічога не бачым», – скардзіцца Надзея Карапузава з вёскі Суйкава.

Калісьці водаправод у Суйкаве быў

З тамтэйшай фермы цягнулі тэхнічную ваду, якой можна было паіць свойскую жывёлу. Між тым ферма даўно закрытая, водаправод згніў. Быдла п’е дажджавую ваду або з маленькай сажалкі. Апроч жа патрэбаў людзей, жывёлы, не забываймася і пра гароды.

Праблема з вадой ёсць і ў часткі вяскоўцаў, да якіх трубы ўсё ж дацягнулі. Уласна падключыцца да цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння таксама каштуе грошай. А лішняй тысячы рублёў шмат у каго з жыхароў Суйкава, як і працы, папросту няма. У адрозненне, скажам, ад старшыні мясцовага сельсавету, якая да гарадской вады падключылася першая ў вёсцы.

Валеры Руселік, «Белсат»