ЦВК кажа пра роўныя ўмовы агітацыі, але як насамрэч?


Кандыдат у дэпутаты на мясцовых выбарах ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў правёў пікет з пустымі стэндамі. Бо выраб агітацыйнай прадукцыі неабходна фінансаваць выключна з адмысловага фонду кандыдата.

А на яго стварэнне патрэбны час. Раздрукаваць самому нават інфармацыю пра сябе выбарчая камісія забараніла. Пры гэтым пікетоўцы праўладных кандыдатаў такіх праблем не мелі.

«Мы бачым гэта па абсталяванню, якое выкарыстоўваецца ад выбараў да выбараў. Учора было ў Дарафеевай, сёння было ў Грышынай. Мы разумеем з аднаго боку вялізарны адміністратыўны рэсурс, з іншага боку пабудаваны закон такім чынам, каб не дазволіць апазіцыйным кандыдатам распавесці пра сябе», – кажа Мікалай Казлоў.

А вось што думае на гэты конт старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«Калі ты ад улады, то табе зялёнае святло, а калі ты Мікола Казлоў, то ты не можаш павесіць нават сваёй біяграфіі, атрымаеш папярэджанне».

Акрамя перадвыбарчага пікету партыі АГП каля Камароўскага рынку сталіцы праходзілі пікеты і праўладных кандыдатаў.

На пытанне, ці варта аддаць свой подпіс аб’яднанню «Белая Русь», жыхарка сталіцы кажа:

«Супакойцеся, гэта толькі адна назва!»

Іншая жыхарка Менску кажа:

«Я ўжо шмат гадоў галасую за партыю АГП асабіста за Мікалая Казлова. І гэтым разам буду рабіць такі ж выбар».

«Я ад выбараў хачу толькі аднаго, каб былі незалежныя суды», – агучвае сваю пазіцыю мянчук.

Пікет апазіцыйнага кандыдата Мікалая Казлова цікавіў не толькі мінакоў, але і прыцягваў увагу міліцыі, якая вяла аператыўную відэаздымку.

Наста Ільіна, belsat.eu