ЦТ па-новаму. Якія змены чакаюць абітурыентаў?


Вялікія змены плануюцца ў сістэме цэнтралізаванага тэставання. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці яго аптымізацыі, а ў некаторых сферах нават адмены.

Цэнтралізаванае тэставанне мусіць адпавядаць школьнай праграме

Такі загад даў Лукашэнка. Цяпер адмысловыя працоўныя групы пры Міністэрстве адукацыі высвятляюць наколькі, цэнтралізаванае тэставанне дастасаванае да падручнікаў, паводле якіх навучаюцца беларускія школьнікі.

«Ужо ў гэтым годзе мне новы міністр, якога я нядаўна прызначыў, паабяцаў мне, што ўсе абсалютна тэсты будуць арыентаваныя на школьныя праграмы», – запэўніў кіраўнік Беларусі.

Што вядома на гэты момант?

Міністэрства адукацыі вывучае замежныя методыкі кантролю ведаў. Чакаецца, што ў выніку цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі набудзе новы выгляд. Таксама кіраўнік Беларусі прапанаваў адмяніць тэсты для паступлення на некаторыя творчыя спецыяльнасці.

Таксама дзеля таго, каб удзельнічаць у конкурсе, сёлета абітурыенту трэба набраць мінімум 20–25 балаў на кожным з этапаў тэставання. Раней норма складала 10–15 балаў, што рабілася прычынаю ненатуральна нізкіх прахадных балаў на некаторыя спецыяльнасці. Гэтак, у мінулым годзе на бясплатнае аддзяленне фізіка-інжынернага факультэту Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту можна было паступіць, маючы 105 балаў сумарна з чатырох дысцыплінаў.

Ці праблема толькі ва ўзроўні ведаў пасля заканчэння школы?

Нават з улікам крытыкі, якая гучыць у бок цэнтралізаванага тэставання, эксперты адзначаюць: гэта, пэўна, адзіны элемент беларускай сістэмы адукацыі, які працуе і добра выконвае сваю функцыю. Таму ўносіць змены ў яго трэба паступова і вельмі акуратна, каб не паламаць ужо тое, што працуе.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: vetka.by