Ціск на Максіма Філіповіча: блогера будуць судзіць чацверты раз


Працягваецца ціск і на гомельскага блогера Максіма Філіповіча

Паводле звестак праваабаронцаў, яму перадалі ўжо чацвёрты адміністратыўны пратакол у справе акцыі ў Пінску. Цяпер актывіст адбывае адміністратыўны арышт. За ўдзел у пратэстах супраць дэкрэту аб дармаедах у Гомлі, Берасці ды Маладзечне яму прысудзілі 13, 5, 7 содняў арышту, адпаведна.

«Максіма пераследуюць за тое, што ён паказваў усё тое, што адбываецца ў краіне, ён паказваў праўду, а не тое, што патрэбнае ўладзе, дадаючы кожны раз новыя содні, яго хочуць зламаць», – упэўнены праваабаронца Леанід Судаленка.

«Жывем па паняццях»

Паводле праваабаронца Леаніда Судаленкі, тэрмін адміністратыўнага арышту не можа перавысіць 25-ці содняў. Аднак вядомыя выпадкі, калі актывістаў затрымлівалі зноў усяго па некалькіх хвілінах пасля вызвалення. Сёння сталася вядома, што сярод іншых Максіма Філіповіча вызвалілі ад падатку на гэтак званае дармаедства. Ці гэта добрая навіна?

«Жывем па паняццях. Прэзідэнт сказаў не чапаць – не чапаюць. Заўтра прэзідэнт скажа чапаць, будуць чапаць. Ёсць дэкрэт, але не прыцяняецца, ёсць канстытуцыя, а жывем паводле нейкіх інструкцыяў», – абураецца спадар Судаленка.

З ізалятару на Акрэсціна ў Менску выйшлі чарговыя пакараныя

Некаторыя з іх да сёння не ведаюць, за што трапілі за краты. Ахвярамі міліцэйскага ґвалту сталіся не толькі ўдзельнікі акцыі, але звычайныя мінакі.

«Ніхто не прадстаўляўся, нічога не тлумачыў. Нібыта я быў на мітынгу. Але людзей хапалі ў горадзе папросту ні за што», – сведчыць вызвалены Максім Жыгала.

«Пасля былі здзекі і фізічныя катаванні ў ізалятары. «Яны нават не хавалі, што ёсць спец указанні. Былі начныя перасоўванні, адбіралі матрацы, з адной камеры ў другую», – распавёў яшчэ адзін рэпрэсаваны Андрэй Бараноўскі.

Пастанову ў справе Рымашэўскага вынеслі завочна

Справу сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага разглядалі ў Менску. Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёну сталіцы, ён мусіць Br 1335 за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, які прайшоў 17-га лютага ў Менску.

Галоўным сведкам у судзе быў міліцыянт. Раней апазіцыйны палітык адбыў 15 содняў адміністратыўнага арышту за акцыю нязгоды ў Маладзечне. Цяпер яго чакае чарговы суд, які адбудзецца заўтра ў Менску.

Сапраўдны судовы канвеер бліжэйшымі днямі рушыць у Пінску

Паводле мясцовых праваабаронцаў, як мінімум адзінаццаць справаў удзельнікаў пратэстаў 26-га сакавіка чакаюць разгляду ў судзе. Сярод патэнцыйных арыштантаў ды штрафнікоў ёсць і пенсіянеры.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Іван Ярыванавіч / TUT.BY