Аб'ектыў 21.04.2017 Ціск на актывістаў: Філіповіч, Абрамовіч, Нікалайчык, Кулакоў. Хто наступны?


Чарговыя штрафы і содні: ціск на актывістаў працягваецца. Іх судзяць і за абарону Курапатаў, і за Маршы недармаедаў, і за тое, што разгарнулі нацыянальны сцяг ля ізалятару на Акрэсціна. Падрабязней – Кацярына Андрэева.

Чарговыя сем содняў за кратамі. Суд Савецкага раёна Гомля пакараў блогера Максіма Філіповіча адміністратыўным арыштам за ўдзел у сакавіцкім Маршы недармаедаў у Пінску.

Максім Філіповіч здабыў папулярнасць падчас Маршаў недармаедаў – ён здымаў акцыі і выкладваў відэа на сваім канале ў YouTube.

А спыніць спрабуюць усімі сродкамі. Гэтак палітыка Алеся Абрамовіча суд накіраваў на прымусовую псіхіятрычную экспертызу. Сёння яго судзілі за несанкцыянаваную акцыю, якой палічылі сустрэчу паплечнікаў ля спецразмеркавальніка на Акрэсціна.

За тую ж акцыю сустаршыня БХД Павел Севярынец і сябры АГП Ганна Красуліна і Зміцер Кавалгін заплоцяць па 1150 рублёў.

Канфіскацыя маёмасці – яшчэ адзін спосаб ціску ўлады на апазіцыянераў. За няпоўную сплату штрафаў у Леаніда Кулакова арыштавалі аўта, на якім той працуе таксістам. А за абарону Курапатаў аштрафавалі на 50 базавых велічыняў і збіраюцца пазбавіць правоў кіроўцы.

А ў рэжысэркі Вольгі Нікалайчык за нявыплачаныя штрафы дзяржава можа канфіскаваць жыллё.

Ціснуць і на нашых калегаў, незалежных журналістаў з Гомля Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына. Іх пераследуюць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Цягам вясны на іх агулам склалі восем пратаколаў. Жукоўскага пачнуць судзіць 29 красавіка.

Усяго ж, паводле дадзеных праваабаронцаў, у мінулым месяцы за палітычныя акцыі затрымалі, аштрафалі або пасадзілі за краты каля тысячы чалавек.

Кацярына Андрэева, Белсат

Глядзі таксама
Каментары