Ці забароніць суд сэлфі газеты побач са сметніцай?


Гомель. І гісторыя, якой няма канца. Змаганне незалежнага журналіста Сяргея Ляпіна з дзяржаўнымі прапагандыстамі. Узаемныя судовыя пазовы і закіды. Хто каго? «Gomel today» ці «Гомельская праўда»?

На судзе «Гомельская праўда» даводзіла сваю пазіцыю даволі кур’ёзна

Гэтак журналіст і архітэктар Сяргей Ляпін акрэсліў першы дзень судовага паседжання ў справе, якую распачало супраць яго мясцовае выданне. «Гомельская праўда» пакрыўдзілася на актывіста за фота, на якім ён трымае газету над сметніцаю. У заяве адзначаецца, што фота, нібыта, «не адпавядае рэчаіснасці».

«Яны сёння ўпэўненыя што іміджавыя страты выданне нясе ад таго фотаздымку дзе я выкідаю нумар газеты з абразлівым артыкулам у сметніцу», – патлумачыў Сяргей.

Канфлікт Ляпіна і «Гомельскай праўды» цягнецца некалькі месяцаў

На месцы, дзе раней былі габрэйскія могілкі, у Гомлі будуецца шматпавярховік. Архітэктар раскрытыкаваў дзеянні ўладаў і забудоўніка. У адказ мясцовыя медыі, у тым ліку і «Гомельская праўда» апублікавалі шэраг абразлівых артыкулаў, дзе называлі Ляпіна, між іншага, «правакатарам».

«Пасля тых артыкулаў «Гомельскай праўды» я падаў першую позву на газету, пазней была позва ад забудоўшчыка што скончылася міравым пагадненнем, а пазней позва ад «Гомельскай праўды», – узгадвае храналогію незалежны журналіст.

Паседжанне суду можа мець зусім не смешныя вынікі

Калі суд стане на бок газеты «Гомельская праўда», то найбуйнейшаму гомельскаму рэсурсу «Gomel today», які выступае суадказнікам у справе, пагражае закрыццё, бо два папярэджанні ад

Міністэрства інфармацыі рэсурс ужо мае.

«Гэта адна з праяваў знішчэння свабоды слова ў нашай краіне, гэта сто адсоткаў. Я нават не здзіўлюся калі гэта была замова зверху, затыкаюць рот настолькі, што нельга нават зрабіць здымак з дзяржаўнай газетай якую выкідаеш у сметніцу», – абураецца блогер Максім Філіповіч.

Дату наступнага паседжання ў справе яшчэ не прызначылі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат» Фота: Максім Філіповіч