Аб'ектыў 16.05.2018 Ці выратуе Марадона беларускі футбол?


Гэта не фэйк. Берасцейскае «Дынама» абвесціла пра падпісанне кантракту з Дыега Марадонай – адным з найвялікшых футбалістаў у гісторыі. Аднак, у клубе з-над Буга аргентынскі чэмпіён свету будзе адказваць за стратэгічныя пытанні і развіццё дзіцячай акадэміі. Што прынясе гэтае гучнае прызначэнне беларускаму футболу?

Найлепшая дзясятка ў гісторыі футболу, аўтар самага прыгожага голу ўсіх часоў, жахлівы сон англійскіх фанатаў, а цяпер і старшыня праўлення берасцейскага «Дынама» – гэта ўсё Д’ега Армандо Марадона.

Ідэя запрасіць Д’ега Марадону на кіроўную пасаду ўзнікла ў самых вярхах «Дынама». Кантракт на тры гады, які ўступае ў сілу пасля чэмпіянату свету па футболе ў Расеі, падпісалі сёння ўначы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, хоць чуткі пра гэта пачалі з’яўляцца некалькі дзён таму.

«Галоўная задача Д’ега – узаемадзеянне з усімі структурамі клубу і ўдзел у жыцці клубу. Мы чакаем ад яго парадаў і кансультацыяў у трэнерскім штабе. Мы чакаем дапамогі ў спартовай дырэкцыі – беспасярэдне ў трансферных кампаніях ён будзе браць удзел», – распавядае прэс-сакратар «Дынама-Берасце» Вольга Хіжынкова.

Да таго ж у берасцейскім «Дынама» асабліва падкрэсліваюць важнасць удзелу Марадоны ў жыцці дзіцячай акадэміі клубу – для будучых футбалістаў будзе даданаю матывацыяй бачыць у якасці прыкладу найлепшага футбаліста ў гісторыі. Аднак эксперты найперш гавораць пра іншы складнік у прызначэнні Д’ега Армандо.

«Гэта вялікі піар, вялікі хайп. І нават у іншых краінах даведаюцца, што ёсць беларускі чэмпіянат, ёсць Беларусь увогуле, ёсць футбольны клуб «Дынама-Берасце». Таму я думаю, што ўвогуле гэта вельмі добра. І, вядома, заўзятары падцягнуцца паглядзець можа нават не на Марадону, а ўвогуле на гэты праект», – лічыць PR-менеджар НФК «Крумкачы» Аляксей Важнік.

Каб падхапіць гэтую хвалю вялікай увагі, «Дынама» плануе шэраг розных падзеяў з удзелам Д’ега Марадоны – ад прэс-канферэнцыяў да гульняў на стадыёне ў Берасці.

«Мы цяпер займаемся распрацоўваннем спісу імпрэзаў, якія мы будзем арганізоўваць дзеля таго, каб кожны меў магчымасць дакрануцца да легенды. Да ліпеня, калі плануецца першы прыезд Д’ега Марадоны ў Беларусь, спадзяемся, што зможам даць больш канкрэтыкі», – кажа Вольга Хіжынкова.

Паводле прадстаўнікоў «Дынама», адзінае, што непакоіла Марадону перад падпісаннем кантракту, – гэта беларускі клімат: ці не занадта ў Беларусі халодна? На надвор’е ніяк не паўплываеш, але ці цёплы прыём рыхтуюць аргентынскаму генію берасцейскія заўзятары? Яны вельмі ўзрадаваныя гэтай навіной.

«Я думаю, што ён шмат дасць нашаму клубу і ў плане іміджу, і ўвогуле», – лічыць мінак.

Імідж – гэта тое, над чым берасцейскае «Дынама» старанна працуе апошнім часам. Клуб раней ужо праводзіў гучныя акцыі ў плане маркетынгу кшталту трэнаванняў з камандаю вядомага нямецкага футбаліста Кевіна Кураньі ды разыграння аўтамабіля «Рэно» сярод заўзятараў клубу. Але цяперашні ход – беспрэцэдэнтны ў гісторыі беларускага футболу.

«Марадона – нашмат мацнейшы брэнд за брэнд «Дынама-Берасце», таму ён будзе цягнуць Берасце ў сусветны футбол. Нават расейскія медыі вар’яцеюць з гэтага. І людзі – усе абмяркоўваюць на працы, у офісах, на вуліцах – гэта навіна, якая прымусіла беларусаў зноў размаўляць пра футбол», – кажа Аляксей Важнік.

Гэткім чынам, прызначэнне Д’ега Марадоны ў берасцейскае «Дынама» – гэта не толькі іміджавы плюс для асобнага клубу, але найперш прыцягненне ўвагі да ўсяго беларускага футболу, які ў апошнія гады не можа пахваліцца вялікаю папулярнасцю нават сярод жыхароў нашай краіны.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары