Аб'ектыў 23.04.2018 Ці выйдуць прадпрымальнікі на пратэст?


Прадпрымальнікі патрабуюць дыялогу і супрацы. Законы ж і дэкрэты заціскаюць шрубы. І колькасць ІП увесь час скарачаецца. Чыноўнікі нібы гуляюць з бізнесоўцамі ў апошняга героя. Толькі вось бюджэт краіны разам з прадпрымальнікамі страчвае і мільёны долараў падаткаў. У Менску прайшоў форум прадпрымальнікаў. І галоўны пасыл – рабіць так, каб усім было добра.

Найбольш масавыя пратэсты прадпрымальнікаў у 2008 годзе супраць прэзідэнцкага ўказу нумар 760 скончыліся 14-цю крымінальнымі справамі, а патрабаванні пратэстоўцаў не былі выкананыя. Дзяржава працягне змены, якія ўскладняць жыццё прадпрымальнікаў.

«Мы зробім так, як будзе выгадна, па-першае, вашым спажыўцам, то бок беларускаму народу; па-другое, беларускай дзяржаве, вы мяне прабачце; і па-трэцяе, як будзе выгодна вам», – казаў Лукашэнка 4 гады таму.

Аднак новы – 222-і ўказ аб абавязковай сертыфікацыі – зробіць тавары даражэйшымі для спажыўца, знішчыць шмат якіх бізнесоўцаў і пацягне за сабою страты ў падатках для дзяржавы.

Нязносныя ўмовы ізноў вывелі прадпрымальнікаў на пратэст у дзве тысячы шаснаццатым. Было абурэнне, заклікі і подпісы. Нічога не дапамагло. І на сённяшнім Форуме прадпрымальнікаў у Менску называліся тыя ж праблемы.

«Галоўная праблема – гэта адсутнасць бяспечных умоваў для вядзення бізнесу. У нас па-ранейшаму вісіць пятля на шыі, каторую могуць зацягнуць у любы момант. І гэтае пытанне не вырашаецца», – кажа старшыня рады РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

На форум з’ехаліся каля дзвюх сотняў бізнесоўцаў з 18 гарадоў краіны. Запрасілі таксама прадстаўнікоў улады.

«Зразумела, што нейкія недапрацоўкі на месцах, магчыма, маюцца. Але агульная тэндэнцыя такая, што гаварыць аб тым, што гінуць, што катастрафічна скарачаецца лічба – гэта на сённяшні дзень не зусім так, статыстыка кажа крыху пра іншае», – мяркуе намеснік дырэктара Дэпартаменту па прадпрымальніцтву Аляксандр Каліноўскі.

Скарачэнне ліку іпэшнікаў ужо стала тэндэнцыяй

Напрыканцы года летась у краіне было больш за 243 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, што на сем тысячаў менш у параўнанні з 2016 годам. І скарачэнне працягваецца. Асаблівая праблема ў рэгіёнах, дзе апроч агульных маюцца і ўласныя праблемы.

«Праблема ўзбекаў, іхнага гандлю, які прыкрываецца дзесь. Гэта ўсім зразумела, усе стогнуць: стогне лёгпрам, стогнуць нашыя дробныя прадпрымальнікі, якія гандлявалі таварам гэтае цэнавае катэгорыі. Гэта праблема існуе ўва ўсіх рэгіёнах», – скардзіцца індывідуальны прадпрымальнік з Горадні Канстанцін Чарток.

Летась грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» скіравала ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Амаль шэсцьдзесят адсоткаў ІП пагрозу свайму бізнесу бачылі ва ўрадзе і Лукашэнку. Амаль ува ўсіх даходы зніжаюцца, а таму бізнес – выключна спосаб выжывання, а не росту. Больш за дзевяноста адсоткаў былі гатовыя пратэставаць.

На пачатку свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка назваў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі». Ды абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку». Калі так пойдзе і не пачнецца сапраўдны дыялог, то чакаць засталося нядоўга.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары