Ці варта ісці на такія выбары? Апазіцыянеры маюць адказ


Апазіцыя падвяла вынікі чарговага этапу кампаніі мясцовых выбараў.

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі падчас адмысловай сустрэчы падзяліся шматлікімі праблемамі, якія стварае ўлада для патэнцыйных кандыдатаў. Але не глядзячы на ўсялякія перашкоды, апазіцыйныя палітыкі перакананыя: час агітацыі неабходна выкарыстаць, каб данесці насельніцтву свае ідэі. І хоць ніхто не сумняецца як пройдзе галасаванне, у АГП абяцаюць працягнуць працу з выбарнікамі, нават калі давядзецца забыць пра дэпутацтва.

Важна не тое як галасуюць, а як лічаць. Гэтая крылатая цытата сталінскіх часоў добра вядомая ўладам у Беларусі, якія рэгулярна не дапускаюць апазіцыю да падліку бюлетэняў. Фармаванне выбарчых камісіяў скончылася для апазіцыі без неспадзяванак.

«Не ўключылі нашых людзей ва ўчастковыя камісіі. Пры тым, што і так іх была абмежаваная колькасць. Але не ўключылі людзей вельмі падрыхтаваных. У мяне дзве вышэйшыя адукацыя, у тым ліку юрыдычная, двойчы дэпутатам быў, Аляксандр Дабравольскі, Антаніна Кавалёва – гэта людзі, аб якіх не скажаш, што няма нейкай кваліфікацыі», – адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Агулам жа сёлета ва ўчастковых выбарчых камісіях засядзе ўсяго 26 прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, што складае мізэрную колькасць ад агульнай лічбы. Такая сітуацыя выклікае крытыку ў міжнароднай дэмакратычнай супольнасці. Гэтак на хаду выбарчага працэсу адрэагаваў прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жозэф Доль:

«Глыбока занепакоены неўключэннем прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі, партнёраў Еўрапейскай народнае партыі, у мясцовыя выбарчыя камісіі. Беларускі ўрад мусіць забяспечыць прапарцыянальнае прадстаўніцтва ўсіх палітычных сіл у выбарчых камісіях, бо гэта адзін з крытэрыяў дэмакратычных выбараў».

У тое, што дэмакратычнымі выбары не будуць, сёння мала хто сумняецца. У такіх умовах паўстае заканамернае пытанне: навошта апазіцыйныя партыі наагул ідуць на гэтак званыя выбары?

Адказвае Анатоль Лябедзька:

«Мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі. Гэта розныя рэчы. У выбарах змагаюцца за дэпутацкае крэсла, у кампаніях – за падтрымку людзей. Розныя задачы. Для нас вельмі важна, істотна мець падтрымку людзей – для праграмы мільёна новых працоўных месцаў».

Час выбарчае кампаніі, паводле прадстаўнікоў АГП нішто іншае, як магчымасць легальна данесці свае ідэі на грамадзянаў, а нават і сабраць доказы аб несапраўднасці выбараў.

«Мы будзем працаваць з людзьмі, з выбарцамі. І агітаваць за тое, каб яны разам з намі паказалі ўладам, што нас большасць і гэтая большасць – за перамены», – кажа намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў.

Абʼяднаная грамадзянская партыя абачліва называе сваіх прэтэндэнтаў на дэпутатаў спікерамі – то бок людзьмі, якія агучваюць праблемы. І хоць шанцаў на афіцыйную перамогу амаль няма, неафіцыйна актывісты могуць разлічваць на падтрыманне выбарнікаў. Гэта відавочна, са словаў сябраў АГП, падчас выбарчых пікетаў.

«Людзі, вядома нацэленыя на перамены. Ім усё надакучыла. Але, шчыра кажучы, я была здзіўленая гэтым зборам подпісаў. Зразумела, што іду ў правільным кірунку», – мяркуе кандыдат ад АГП з Магілёва Таццяна Сівачэнка.

Кандыдат ад партыі з Горадня Мікалай Салянік звяртаецца да выбарнікаў:

«Людзі, калі вы хочаце каб вашыя дзеці і ўнукі выязджалі за мяжу і апекаваліся там італьянцамі, амерыканцамі, то калі ласка, нічога не рабіце. А калі хочаце каб вашыя дзеці і ўнукі вярталіся, рабілі нешта для гэтай краіны, то галасуйце і адстойвайце свой выбар».

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца ўжо 18 лютага.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu