Ці трэба дэкрыміналізаваць каноплі ў Беларусі?


Што больш шкодзіць: наркатычныя каноплі ці жорсткае пакаранне за малыя дозы? Што рабіць з тысячамі беларусаў, якія сядзяць у турмах за ўжыванне лёгкіх наркотыкаў? На адмысловай сустрэчы ў Горадні актывісты кампаніі «Легалайз Беларусь» прадставілі варыянты зменаў у заканадаўстве, каб дэкрыміналізаваць каноплі і адукаваць моладзь у гэтым пытанні.

Выбух наркаманіі і тысячы асуджаных. У Беларусі, якая пакутуе ад наркотыкаў, ладзіцца кампанія за дэкрыміналізацыю канопляў. Блюзнерства, цынізм? Не спяшайцеся асуджаць.

«Наколькі я ведаю, каля 16 тысячаў асуджаныя па артыкуле 328. Я не магу Вам дакладна сказаць, колькі з іх сапраўдных наркабаронаў сядзіць, а хто не, але па маіх адчуваннях, адсоткаў 70 – бязвінна зараз знаходзяцца за кратамі», – кажа Ксенія Тарасевіч «LEGALIZE BELARUS».

Актывісты ставяць сабе тры мэты.

Мэты кампаніі «LEGALIZE BELARUS»:

1. РАСПАЎСЮД НАВУКОВАЙ ІНФАРМАЦЫІ АБ ШКОДЗЕ НАРКОТЫКАЎ І АДКАЗНЫМ СТАЎЛЕННІ ДА ІХ УЖЫВАННЯ

2. ПАДТРЫМАННЕ ЗМЕНАЎ У ЗАКАНАДАЎСТВЕ І ДЫФЕРЭНЦЫЯЦЫЯ ПАКАРАННЯЎ ЗА ЗЛАЧЫНСТВЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З НАРКОТЫКАМІ

3. ЮРЫДЫЧНАЯ І ПСІХАЛАГІЧНАЯ ПАДТРЫМКА ВЯЗНЯЎ І СВАЯКОЎ АСУДЖАНЫХ ПАВОДЛЕ АРТЫКУЛАЎ, ЗВЯЗАНЫХ З НАРКОТЫКАМІ

Першая – пашырэнне адукацыі аб псіхаактыўных рэчывах – чым каноплі адрозніваюцца ад сінтэтычных спайсаў. Другая, падтрыманне ідэі рэформаў у заканадаўстве – саджаць чалавека ў турму на доўгія гады за касяк зёлак – дзікунства, перакананыя актывісты. І ўрэшце, трэцяя мэта – гэта псіхалагічнае, а ў перспектыве і юрыдычнае падтрыманне асуджаных і іхных сваякоў.

«Ёсць прыклад Каларада – штату ў Амерыцы, які легалізаваў марыхуану. І зараз мы бачым, што пасля легалізацыі, графікі, якія паказваюць ужыванне марыхуаны сярод падлеткаў, ідуць уніз. Пасля легалізацыі цікаўнасць да псіхаактыўных рэчываў зніжаецца сярод падлеткаў», – адзначае Пётр Маркелаў «LEGALIZE BELARUS».

Цяпер маладзёны ездзяць па краіне і ладзяць адмысловыя сустрэчы з вельмі важным пасылам – не ставіць крыжа на спажыўцах наркотыкаў!

Нікога не можна рабіць ізгоем, а менавіта гэта адбываецца цяпер у турмах.

На спатканне ў Горадні чальцы Руху маці 328 – сваякі тых, хто трапіў за краты паводле злашчаснага артыкулу з такім нумарам. Яны таксама распавялі пра сваё гора.

«Мой муж атрымаў 9 з паловай гадоў, ён ужываў марыхуану. Я не назірала ў яго ніякіх «зрухаў», як мне пра гэта распавядалі», – кажа жонка асуджанага, прадстаўніца Руху маці-328 Ганна Яўстрат.

Сваякі асуджаных таксама змагаюцца за змены ў заканадаўстве. Турма не лечыць, турма калечыць. А змены ў разуменні гэтага патрэбныя не толькі на дзяржаўным, але і на грамадскім узроўні.

«Мы будзем даносіць гэтую праблему да ўладаў, што трэба мяняць заканадаўства. Яно абавязкова павінна змяніцца. Мы змагаемся за гэта трэці год», – адзначае лідарка Руху маці-328, маці асуджанага Ларыса Жыгар.

І тым не менш, сваякі асуджаных не губляюць надзеі.

Нядаўна прадстаўнікоў Руху маці-328 прынялі ў Адміністрацыі прэзідэнта. Чыноўнікі паабяцалі ўзняць пытанне аб зменах у заканадаўства падчас вясновае парламенцкай сесіі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»