Аб'ектыў 27.05.2018 Ці сустрэнецца Кім Чэн Ын з Трампам?


Доналд Трамп з надзеяй глядзіць на магчымасць сустрэцца з Кім Чэн Ынам. Пасля таго, як паўночнакарэйскі лідар нечакана сустрэўся з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі, гаспадар Белага Дому зноў загаварыў пра саміт 12 чэрвеня ў Сінгапуры. А ўжо сёння ў КНДР прыехала амерыканская дэлегацыя, каб канчаткова дамовіцца пра гістарычную сустрэчу.

Абдымкі і ўсмешкі, з надзеяй на прагрэс. Лідар КНДР другі раз сустрэўся з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чэ Інам. Сустрэча адбылася без анонсу ў дэмілітарызаванай зоне на паўночнакарэйскай тэрыторыі. Кім Чэн Ын пацвердзіў сваю гатовасць ажыццявіць ядравае раззбраенне і сустрэцца з Доналдам Трампам.

«Мы дамовіліся, што сустрэча 12-га чэрвеня мае прайсці паспяхова, а нашая дарога ў абяз’ядраванні Карэйскае паўвыспы і бестэрміновай сістэме міру не мусіць спыняцца. Мы дамовіліся супрацоўнічаць адно з адным дзеля гэтага», – распавёў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чэ Ін.

Яшчэ ў чацвер Доналд Трамп у афіцыйным паведамленні ўвогуле адмяніў сустрэчу з Кім Чэн Ынам у Сінгапуры праз агрэсіўную заяву з КНДР. Але сустрэча лідараў абедзвюх Карэяў нібыта змусіла яго змяніць пастанову.

«Справа ідзе вельмі няблага. Такім чынам, мы мяркуем пра 12-га чэрвеня ў Сінгапуры. Гэта не змянілася, і працэс ідзе даволі добра. Паглядзім, што будзе адбывацца», – сказаў Доналд Трамп.

Два дні раней (у чацвер) Паўночная Карэя паведаміла пра знішчэнне свайго ядравага палігону. Адмыслоўцы мяркуюць, што гэты крок мог быць вымушаны – пляцоўка сталася не прыдатнаю для далейшага выкарыстання. Зрэшты, на самую ліквідацыю запрасілі толькі журналістаў, а не экспертаў.

Паўночная Карэя хоча памірыцца

Тым не менш, відавочна, што сёння Паўночная Карэя робіць беспрэцэдэнтныя крокі для замірэння.

Эксперты ж перакананыя, што жаданні Пхеньяну на будучых перамовах будуць сягаць высокіх планак, у тым ліку і зняцця з Паўднёвай Карэі аховы ЗША.

«Калі Трамп чакае згортвання ядравай праграмы Паўночнай Карэі, Паўночная Карэя чакае ліквідацыі вось гэтых усіх момантаў: і ядравага парасоніка, і кантынгенту, і вайсковых вучэнняў», – тлумачыць адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Перамоўны працэс будзе вельмі асцярожны. Бо апроч КНДР і Паўднёвай Карэі сваю зацікаўленасць у сітуацыі праяўляюць Японія ды Кітай. Для Токіа найважнейшым пытаннем ёсць зняцце ядравай пагрозы, для Пекіну – непрасоўванне амерыканскіх уплываў.

«Нават тыя носьбіты, якія ёсць, яны даюць даволі шырокі радыус дасягальнасці для карэйскай ядравай зброі, прынамсі, Токіа – адназначна. Што датычыць Сеулу, сталіцы Паўднёвай Карэі, там дастаткова ўвогуле звычайнай артылерыі», – лічыць Красулін.

Сітуацыя патрабуе развязання. Але, на думку Яўгена Красуліна, у дыялогу з Паўночнаю Карэяй будзе яшчэ шмат ваганняў і паваротаў. А стратэгічныя змены для паляпшэння сітуацыі зоймуць яшчэ шмат часу.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат». Фота: REUTERS / Kevin Lamarque and Korea Summit Press Pool / FORUM

Глядзі таксама
Каментары