Аб'ектыў 20.04.2018 Ці спыняць штрафы белсатаўцаў?


Пабіць рэкорд мінулага году па штрафах белсатаўцам. Выглядае, што такую мэту сёлета перад сабой паставіла беларуская судовая сістэма. Сёння адбыліся два працэсы над трыма журналістамі. Дзяржаўная скарбонка папоўніцца амаль тры тысячы рублёў.

Несправядлівасць і беззаконне, самавольства чыноўнікаў ды іхная абыякавасць да праблемаў грамадзянаў. Журналісты «Белсату» выкрываюць тое, што застаецца па-за аб’ектывамі дзяржаўных медыяў.І плацяць за гэта з уласнай кішэні. Амаль тысячу рублёў штрафу кожнаму сёння атрымалі Вольга Чайчыц і Андрусь Козел. Рашэнне прыняла суддзя Ірына Каско – за матэрыял пра туркмена Рустама Бабакулыева.

«Мы не паехалі на суд, таму што ўжо больш не бачу сэнсу ездзіць на гэтыя суды. У нашай краіне не дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці. Нават, калі ты даказваеш сваю невінаватасць, усё адно рашэнне прымаецца супраць цябе», – кажа журналістка «Белсату» Вольга Чайчыц.

Cем з паловаю тысячаў рублёў на дваіх

Для Вольгі сённяшні працэс, што адбыўся ў судзе Карэліцкага раёну, ужо пяты цягам года. Для ейнага напарніка, аператара Андруся Козела – чацвёрты.
Гэты не толькі працоўны, але і сямейны тандэм сёлета ўжо атрымаў штрафаў на больш як сем з паловаю тысячаў рублёў на дваіх.

«Гэты ціск перш за ўсё ажыццяўляецца, каб органы судовай улады і супрацоўнікі міліцыі былі патрэбныя, што яны выконваюць нейкую важную ролю ў функцыянаванні нашай дзяржавы», – лічыць аператар Андрусь Козел.

Не стрымлівае супрацоўнікаў Феміды і сусветнае асуджэнне. Напярэдадні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, дзе сярод іншага заклікаў спыніць пераслед незалежных беларускіх журналістаў.

«Трэба рашуча націскаць на ўлады Беларусі, каб яны гарантавалі выкананне асноваў дэмакратычнай прававой дзяржавы – фундаментальных правоў чалавека. Адначасова трэба працягваць актыўнае падтрыманне беларускіх недзяржаўных арганізацыяў і незалежных медыяў, якія выходзяць па-беларуску», – кажа Кшыштаф Гэтман, амбасадар Польшчы ў Еўрапарламенце.

Сярод выпадкаў, згаданых у тэксце рэзалюцыі, гучыць і імя Андруся Козела. Вядзецца пра збіццё і выдаленне аператара з выбарчага ўчастку ў Менску.

«Сяржант заламаў мне палец рукі, выгнуў руку, я сагнуўся, і штурхнуў у дзверы шкляныя», – распавядаў Андрусь пасля здарэння.

Прадказальная рэакцыя МЗС Беларусі на пазіцыю Еўразвязу

«Нашае стаўленне да гэтага дакументу будзе такое ж, як і да іншых падобных рэзалюцыяў. Іх «штампоўка» цікавая, з усяго відаць, толькі іхным аўтарам», – выказаўся прэсавы сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

На пачатку месяца Лукашэнка загадаў дзяржаўным медыям належным чынам уступіць у барацьбу за «розумы і душы беларусаў».

«Рабіце добрае тэлебачанне, у нас ёсць аснова для гэтага. І рабіце так, каб вас людзі бачылі, цанілі і паважалі», – настаўляў дзяржаўныя медыі Лукашэнка.

Улады хочуць пазбавіцца моцнага канкурэнта

Але, калі дзеля гэтага бракуе ці то якасці, ці то праўдзівасці, за працу бяруцца міліцыя і суды. Беспрэцэдэнтны ціск на журналістаў «Белсату» пацвярджае і намеснік дырэктара каналу Аляксей Дзікавіцкі.

«Улады хочуць пазбавіцца моцнага канкурэнта. Мы – сурʼёзны сродак масавай інфармацыі, маем моцны ўплыў, сурʼёзную моц у беларускай інфармацыйнай прасторы. Таму ўладам падаецца, што пры дапамозе штрафаў ці выклікаў у міліцыю нас можна спыніць. Але гэта зусім не так», – зазначае намеснік дырэктару «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Тым не менш спробы працягваюцца. Другі суд над белсатаўцам цягам сённяшняга дня скончыўся штрафам. Суддзя суда Глыбоцкага раёну Андрэй Тарасевіч пастанавіў спагнаць са Змітра Лупача восемсот пяцьдзясят рублёў на падставе двух пратаколаў.

«Судзяць, як звычайна, за працу без акрэдытацыі. Сюжэт выйшаў пра Падсвілле. Гэта наш гарадскі пасёлак, які ў вельмі дрэнным эканамічным стане. А другая справа – я запісаў каментар эксперта, інспектара аховы прыроды», – распавядае журналіст Зміцер Лупач.

Для Змітра – гэта ўжо чацвёрты суд сёлета. Агулам ад пачатку года над белсатаўцамі адбылося больш за сорак працэсаў. Сума штрафаў дасягнула дваццаці пяці тысячаў рублёў.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары