Ці справядліва пасадзілі беларусаў за акцыю ў Польшчы?


Музей «Аўшвіц–Біркенаў», былы нацысцкі канцлагер. Менавіта на гэтым месцы летась у сакавіку група маладых людзей зладзіла акцыю. Як яны пасля тлумачылі – антываенную. Удзельнікі агаліліся, а слова «Arbeit» завесілі словам «Love». У той жа час адзін з іх, беларус Адам Б., 15 ўдарамі нажа закалоў авечку.

Яго і яшчэ аднаго беларуса, Мікіту В., як галоўных арганізатараў, вінавацілі не толькі ў знявазе месца памяці, але і ў забойстве жывёліны. Адама Б. пакаралі на 1,5 года зняволення, 1,2 года ў турме правядзе Мікіта.

З чым нязгодныя арганізатары і ўдзельнікі?

«Гэта мастацтва, мастака нельга караць», – упэўнены Мікіта В.

Рэшта фігурантаў справы, якія не прымалі ўдзел у забіцці жывёліны і ўвогуле пра такі намер арганізатараў нічога не ведалі, атрымалі або штраф у памеры каля $ 3000 у эквіваленце, або грамадскія працы па 32 гадзіны на месяц цягам года. Сярод іх Зміцер, які не не згаджаецца з фармулёўкай аб абразе чыіхсці пачуццяў, але адначасова называе дзеянні арганізатараў хэппенінгу падманам.

«Ты згаджаешся на нешта рызыкоўнае, у чым бачыш сэнс, а пасля ўсе толькі размаўляюць пра забітага барана, а не аб тым, каб ратаваць жыццё людзей», – наракае хлопец.

Суддзя: «Мастацтва можа шакаваць. Але ці можа абражаць?»

Яна лічыць пакаранне суворым, улічваючы чыстую крымінальную рэпутацыю абвінавачаных, але справядлівым.

Усяго ў справе праходзілі 12 чалавек. Відэа інцыдэнту, праз брутальнасць, загадалі выдаліць з інтэрнэту.

Адміністрацыя музею, гэтак жа як і пракурор Мар’юш Сломка, настойвалі, што былы канцэнтрацыйны лагер не месца для дзеянняў такога характару.

«Называць усё, што толькі робіцца, мастацтва – гэта вельмі сур’ёзнае злоўжыванне з пункту гледжання сапраўдных мастакоў», – адзначыў прадстаўнік музею «Аўшвіц–Біркенаў» Пётр Зеліньскі.

На баку абвінавачання таксама сведчыла прадстаўніца агульнапольскага таварыства аховы жывёлінаў «Animals».

«Сэнс выраку адзіны, што няма ў нашым краі дазволу на такія жорсткія варварскія практыкі, спадзяюся, што гэта будзе навукай для іншых асобаў, якія здзекуюцца з жывёлы», – зазначыла Катажына Кучыньска.

Словаў падтрымання для акцыяністаў не гучала таксама з боку апытаных намі жыхароў Асвенціма, якія чулі пра рэзанансную справу, гэтак і з боку беларусаў, якія яе каментавалі ў сеціве.

Як гэта ўсё тлумачаць аўтары?

Між тым, аўтары хэпенінгу цвердзяць, што іх мастацкі «мэсідж» – прыцягненне ўвагі да гвалту ў свеце – і сімвалізму не зразумела ні грамадства, ні суд.

У гэтай справе відавочна мы мелі не толькі разбіральніцтва ў прававой плашчыні, але ідэалагічнае супрацьстаянне таксама. У пытанні, што дазволена мастаку, абвінаваўцы і абвінавачаныя засталіся пры сваіх меркаваннях.

Таццяна Рэут, Дзяніс Дзюба, «Белсат»