Аб'ектыў 28.07.2017 Ці прызнае суд вінаватым хлопца, у якога страляла міліцыя?


Слушна, лаканічна, без эмоцыяў. Гэтак, паводле назіральнікаў за судовым працэсам, сёння даваў паказанні Андрэй Гаўрош. Адметна, што ў судзе не зачытвалі ягоных сведчанняў падчас следства.

Гэта можа азначаць, што разыходжанняў у цяперашніх і ранейшых паказаннях падсуднага няма.

«Вельмі рэдка на працэсах не зачытваюць паказанні падсуднага падчас следства. Бо звычайна суд параўноўвае паказанні адныя і другія. Суд спраўджвае, дзе чалавек хлусіў, чаму хлусіў», – дасведчана зазначыў журналіст Алег Груздзіловіч.

Зусім інакш было ўчора

Міліцыянт Руслан Салаўёў блытаўся ў паказаннях адносна колькасці стрэлаў. Узніклі пытанні да папярэдняй версіі, бо на судзе ён прызнаў, што не было папераджальнага стрэлу. Салаўёў лічыць сябе пацярпелым. Паводле яго, нецвярозы Андрэй Гаўрош напаў на яго, біў галавой аб сцяну і спрабаваў завалодаць табельнаю зброяй.

Іншую версію падзеяў агучыў сёння Андрэй Гаўрош. Падсудны прызнаў, што сустракаў Новы год у коле сваякоў і сяброў. Бліжэй раніцы на парозе зʼявіўся міліцыянт, якія заявіў, што ад суседзяў паступіла скарга на шум. Паводле Андрэя Гаўроша, ён хацеў разам з Салаўёвым пайсці да суседзяў, каб высветліць сітуацыю. З мэтаю паразмаўляць з імі ён пацягнуўся па тэлефон. У гэты момант міліцыянт ударыў яго. Тады падсудны машынальна выштурхнуў Салаўёва на лесвічную пляцоўку.

Пасля гэтага прагучалі стрэлы.

Сведчанні ў судзе сёння давалі і міліцыянты – калегі Руслана Салаўёва

Суддзя Бандарэнка неаднойчы звяртала ўвагу на непаслядоўнасць іхных паказанняў. Але адметна тое, што сурʼёзных пашкоджанняў на галаве Салаўёва яны не заўважылі. У сваю чаргу медыкі з хуткай дапамогі, якія ратавалі цяжка параненага кулямі Андрэя Гаўроша, не пацвердзілі, што той быў у стане цяжкага апʼянення.

«Іх было трое. Яны аднагалосна казалі, што калі параненага везлі ў шпіталь, ён сказаў, што на яго напаў міліцыянт, стрэліў у яго. Я не думаю, што чалавек у такім стане хлусіў бы», – мяркуе Алег Груздзіловіч.

Ці міліцыянт Салаўёў законна ўжыў зброю?

Працэс Андрэя Гаўроша, відавочна, дае ацэнку працы ўсёй беларускай міліцыі. Галоўнае пытанне: ці міліцыянт Салаўёў законна ўжыў зброю?

«Негледзячы на тое, як чалавек сябе паводзіць, зброя – гэта крайняя захада. Толькі тады, калі ёсць перашкода ў выкананні абавязкаў, калі чалавек ужывае цяжкія прадметы. Па матэрыялах справы мы бачым, што ў Гаўроша нічога ў руках не было, небяспекі ён не ствараў. Калі і быў нейкі момант барацьбы, то гэта не нагода, каб адкрываць агонь», – пераконвае былы следчы Алег Волчак.

Ці прызнае міліцыя свае памылкі?

Неўзабаве пасля страляніны ў доме на вуліцы Любімава ў Менску, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што парушэнняў у дзеяннях міліцыянта Салаўёва няма.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары