Ці пераможа Роджэр Фэдэрэр новую зорку тэнісу з Харватыі?


Тэніс

Роджэр Фэдэрэр распачаў сённяшні паўфінальны матч Чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе супраць Чхонг Хёна з выгулянага мяча на падачы карэйца і стартавы гейм пакінуў за сабою, каб потым сваю перавагу толькі нарошчваць.

Тое, што паміж тэнісістамі розніца ва ўзросце амаль цэлае пакаленне, ніяк не было відаць. Абодва гулялі лёгка, хутка, бы лётаючы над кортам, з падачамі пад лінію, пры якіх швейцарац быў больш стабільны. А пазней акулярыстаму Хёну на мянушку «прафесар» усё цяжэй было прымаць, ён кульгаў і ўрэшце пасля ліку 1:6 у першым сэце і 2:5 другой партыі вырашыў зняцца са спаборніцтваў. 19-ці разовы трыумфатар «мэйджараў» Фэдэрэр выйшаў у 30-ты фінал турніраў «Вялікага шлема». У нядзельным вырашальным матчы супернікам РОджэра будзе харват Марын Чылыч, якому да рэгаліяў швейцарца як да неба. 29-гадовы балканец дагэтуль перамог толькі на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў 2014-м і летась дабраўся да фіналу Ўімблдану.


Цікава, што абедзве дзявочыя пары фіналістак Мельбурну-2018 аб’ядналіся ў дуэты ўпершыню ў 2012 годзе. Толькі расейкі Кацярына Макарава і Алена Весніна на працягу ўжо больш як пяці гадоў не разлучаліся, а вось іх канкурэнтка – інтэрнацыянальная пара Тымэа Бабаш (Вугоршчына) – Крыстына Младэнавіч (Францыя) адзін матч правялі напачатку, затым яшчэ сорак у 2014-м і 2015-м і часова разышліся.

Гандбол

І сёння ў двубоі з гаспадарамі чэхі толькі крыху не дацягнулі да найвышэйшага свайго месца на топ-турнірах. Пасля першага тайму двубою за пятую пазіцыю гаспадары пераканальна вялі 16:10, але ў чэхаў нейкі іншы, хоць і славянскі, але зусім не падобны да беларускага характар. І перамога ледзь не выслізнула з рук больш дасведчаных харватаў напрыканцы, але балканцы яе ўтрымалі 28:27. І суцешыліся хаця б пятым месцам пасля пазалеташняй бронзы чэмпіянату Еўропы ў Польшчы. 10 мячоў на рахунку Златкі Хорвата і цэлых 13 узяццяў брамы суперніка адужаў 34-х гадовы чэх Ондржэй Здрахала.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Thomas Peter / Reuters / Forum