Ці павялічаць бюджэтнікам заробкі, як абяцае міністр?


Цягам 2018-га плануецца двойчы падняць тарыфную стаўку 1-га разраду, але калі і наколькі, міністр працы Ірына Касцевіч у эфіры тэлеканалу ОНТ не ўдакладняла.

Што чакае бюджэтнікаў у 2018 годзе?

Змены датычаць сістэмы налічэння заробку. Замест тарыфнай стаўкі 1-га разраду, паводле якой разлічваюцца зарплаты, будзе ўведзеная базавая стаўка.

«Некалькі дзясяткаў гадоў патрымалася дзейсная сістэма аплаты працы, стаіць задача перагледзець за 2018 год. Мы плануем перайсці ад тарыфнай стаўкі 1-га разраду да базавай стаўкі, пры гэтым базавая стаўка будзе раўняцца бюджэту пражыткавага мінімуму. Перадусім гэта спрашчэнне самой сістэмы аплаты працы», – тлумачыць Ірына Касцевіч.

Сістэмы мяняюцца, заробкі стаяць на месцы

Апошні раз тарыфная стаўка першага разраду падвышалася ў верасні мінулага года, яна вырасла з Br 31 да 33 Br. Цяпер, каб разлічыць заробак бюджэтніку, тарыфную стаўку памнажаюць на адпаведны спецыяльнасці каэфіцыент. З 2018 года абяцаюць прывязаць зарплаты да пражыткавага мінімуму, цяпер ён складае ў сярэднім Br 220.

«Гэтыя сістэмы яны мяняюцца. Але ад іх заробкі не павялічваюцца. Заробкі павялічваюцца ў залежнасці ад таго ці ёсць эканамічны рост, ці эканоміка расце ці падае. Ідэальна дзяржава павінна зрабіць тое, што было зроблена ва Украіне. Калі дзяржава проста прадэкларавала: заробак настаўніка павялічваецца ў 2 разы.», – даводзіць прафсаюзны актывіст Сяргей Антусевіч.

Цяпер у краіне не менш за 750 000 бюджэтнікаў, якім у 2018 годзе абяцаюць рост сярэдняга заробку да Br 700 рублёў. І тое, толькі з умоваю, што рэальны сектар гаспадаркі будзе працаваць у плюс. То бок нават станоўчы сцэнар не прадугледжвае абяцанага кіраўніком краіны сярэдняга заробку Br 1000

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: belta.by