Аб'ектыў 15.10.2017 Ці памятаюць Тадэвуша Касцюшку на ягонай Радзіме – у Косава?


200 гадоў таму памёр Тадэвуш Касцюшка. Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША знайшоў спачын у вымушанай эміграцыі, у швейцарскім горадзе Салятурн. У суседняй Польшчы 2017 год абвешчаны годам Касцюшкі.

Мястэчка Косава знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне. Недалёка адсюль у вёсцы Мерачоўшчына нарадзіўся наш слаўны зямляк Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Таленавіты ваеначальнік, герой вайны за незалежнасць ЗША, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання.

Менавіта тут, на месцы гэтага мураванага касцёлу пры ўездзе ў Косава, дзе некалі стаяла драўляная святыня, у 1746 годзе і быў ахрышчаны маленькі Андрэй Тадэвуш.

«З часоў Касцюшкі ў нас захаваўся абраз маці Божай Ласкавай, у цэнтры касцёлу, на галоўным алтары. Гэта абраз пачатку 17 стагоддзя – была падаравана касцёлу Львом Сапегам», – распавядае экскурсавод Ганна Балей.

З даўняй святыні захавалася таксама купель і пасведчанне аб хросце. На сцяне касцёлу – мемарыяльная табліца, падораная Польшчаю. Памятаюць і шануюць славутага земляка і мясцовыя жыхары.

«Памяць мы шануем і будзем шанаваць. Я б хацела, каб помнік паставілі, можа гэтага каменя недастаткова», – кажа мясцовая жыхарка.

Між тым, сапраўды, у мястэчку Косава ёсць помнікі ў гонар бальшавікоў, воінаў савецка-нямецкай вайны, а пра Касцюшку нагадвае толькі вуліца ягонага імя – з шыльдачкаю на расейскай мове.

Тым не менш, нягледзячы ні на што, выкараніць памяць пра нашага нацыянальнага героя нікому не ўдасца, перакананы мясцовы краязнаўца Алесь Зайка.

«За апошнія часы імя Касцюшкі стала вядома на Беларусі. Па скрайняй меры дзеці ўсе ведаюць імя Касцюшкі», – кажа краязнаўца.

У вёсцы Мерачоўшчына стаіць Касцюшкава сядзіба – адноўленая драўляная хата, музей. Непадалёк велічны палац Пуслоўскіх. Дарэчы, вядомыя філантропы і мецэнаты дзевятнаццатага стагоддзя Пуслоўскія вельмі ганарыліся такім знакавым суседствам. У доме-музеі сабраныя рэчы часоў дзяцінства героя. Тут паспрабавалі аднавіць тагачасны побыт. За год музей наведвае каля 25 тысячаў чалавек. Нашыя суайчыннікі з крыўдаю распавядаюць – дзяржава ня хоча шанаваць гісторыю.

«Нават у Аўстраліі гара названа ў гонар Касцюшкі, а ў нас відаць, можна пералічыць гарады, дзе ёсць вуліцы імя Касцюшкі», – узгадвае турыстка з Менску.

Калі ўлічыць, што яго шануюць паўсюль, апроч нашай краіны, становіцца проста сорамна за сваю краіну.

Хоць трошкі выправіць гэтую сітуацыю ўзяліся энтузіясты. Грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка тры дні таму абвесціў у інтэрнэце збор сродкаў на ўстанаўленне ў Мерачоўшчыне скульптуры Андрэя Тадэвуша Касцюшкі, і вось, беларусы без дзяржавы ўжо амаль сабралі неабходныя 11 тысячаў рублёў.

«Беларусы з усяго свету прысылаюць свае ахвяраванні на гэты помнік. Пры тым, ён сапраўды народны. Трыста чалавек ужо ахвяравала на помнік Касцюшку», – распавядае Лабадзенка.

Тое, што сотні беларусаў сабралі помнік Касцюшку, гэта проста шык.

Праект манументу ўжо распрацаваў скульптар Генік Лойка. Калі ўсё пойдзе як след, помнік Андрэю Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне адкрыюць ужо 4 лютага – на дату народзінаў героя.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары