Ці можна ў Беларусі публічна прызнавацца ў каханні? Нечаканы адказ з гарвыканкаму


Андрэй Павук вырашыў спраўдзіць межы забароненага пасля штрафу, атрыманага за публічную просьбу ўладкаваць яго на працу. Адказ з Гомельскага гарвыканкаму прыйшоў даволі нечаканы…

Андрэй Павук з гарадскога пасёлку Акцябрскі – сапраўдная зорка. Гэта ён – адзін з аўтараў усебеларускага хіта «Я из деревни» і шэрагу іншых песень.

Аўтара скандальнай у мясцовым маштабе суполкі «Рудабельская паказуха» і настаўніка біялогіі з адукацыі праз ягоную дзейнасць не бяруць працаваць у школу, а за просьбу даць хоць нейкую працу – штрафуюць. А таму, каб выражаць нешта публічна ў нашай краіне, лепш лішні раз спытаць дазволу, мяркуе Андрэй Павук.

«І вось мне прыйшла ідэя публічна прызнацца ў каханні да сваёй жонкі – я адправіў запыт – не адзін, а некалькі», – кажа блогер.

І Гомельскі гарадскі, і Акцябрскі раённы выканаўчыя камітэты сышліся ў адным: публічнае выражэнне асабістых пачуццяў – у тым ліку любові ці нелюбові да кагосьці – не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах.

«Тады чаму публічная просьба ў працаўладкаванні падпала? Я вось зараз таксама адпраўляю запыты – прэм’ер-міністру, у Савет Міністраў, каб мне растлумачылі – чым жа публічнае прызнанне ў каханні адрозніваецца ад публічнай просьбы ў працаўладкаванні», – пытаецца Андрэй Павук.

Такім чынам сёння на гомельскай плошчы Леніна проста перад аблвыканкамам Андрэй Павук правёў цалкам легальны пікет, на якім прызнаўся сваёй жонцы ў каханні.

«Беларусы – яны ж шчырыя, яны добрыя. Таму не трэба саромецца паказваць гэта. Чаму не? Таму я вельмі радая, канечне ж, я ведала, за каго іду замуж», – кажа Вольга Павук.

Атрымліваецца, што на сённяшні момант публічнае прызнанне ў каханні – гэта адно з нешматлікіх дзеянняў, для выканання якіх не трэба мець дазволу ад чыноўнікаў. Ці як яшчэ можна патлумачыць пераслед любых актывістаў за дробныя і нават непалітычныя акцыі?

Гэтак, Мікалай Статкевіч мае правесці дзесяць содняў за кратамі за нібыта пікет перад будынкам СІЗА з нагоды свайго вызвалення сёмага кастрычніка.

У Гомлі за салідарнасць з незалежнаю журналісткай Ларысай Шчыраковай ейныя калегі ды знаёмыя Барыс Анікееў, Уладзімір Няпомняшчых і Віктар Рубцоў, што выказалі падтрыманне з таблічкамі на шыі, атрымалі па 5 содняў арышту. Самая ж журналістка мае заплаціць Br 575 рублёў.

Па-за законам у нашай краіне і адукацыйныя перформансы. За акцыю ў Слуцку, прымеркаваную да Дня Ведаў, актывістаў пакаралі штрафамі ад Br 115 да Br 1150.

«Любіце адно аднога, сябры! Кахайце! Бо пакуль гэта не забаронена і не абкладзена падаткам», – жартуе відэаблогер.

Сцяпан Святлоў, «Белсат» / Фота вокладкі: kp.by