Ці дапаможа «ператрушванне» ураду беларускай эканоміцы


Аляксандр Лукашэнка працягвае паказальную порку ўраду. Сёння кіраўнік краіны правёў нараду ў справе прызначэння новых міністраў, на месца тых, каго ён звольніў па выніках сваёй паездкі ў Воршу. Што можа азначаць чарговае «ператрушванне» Саўміну і чаго чакаць беларусам?

Пагрозы Аляксандра Лукашэнкі, падобна, пакуль засталіся збольшага пагрозамі, але ператрэсванні ва ўрадзе могуць сведчыць пра трывожныя сігналы ў эканоміцы. Да гэткай высновы прыйшлі апытаныя намі адмыслоўцы па выніках сённяшняй нарады ў кіраўніка краіны.

Міністры прамысловасці і будаўніцтва днямі згубілі свае партфелі па выніках візіту Лукашэнкі на Аршаншчыну, дзе ён сувора скрытыкаваў сваіх падначаленых за неналежнае выкананне даручэнняў у справе развіцця рэгіёну.

«На гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўраду. Усёй верхавіны!», – запатрабаваў Лукашэнка ў аўторак.

Цягам апошніх 15 гадоў адстаўкі найвышэйшага кіраўніцтва ўраду адбываліся напярэдадні буйнога эканамічнага крызісу. Гэтак, прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі пайшоў у адстаўку ў снежні 2010 года – за пару месяцаў да абвальнай дэвальвацыі 2011-га. А ягонага пераемніка – Міхаіла Мясніковіча – Лукашэнка за год да выбараў звольніў з пасады на пачатку калянавагодняга абвалу беларускага рубля, у снежні 2014-га. Сёння кіраўнік Беларусі таксама згадваў пра эканамічныя праблемы.

«Пытанне трэба развязваць не зацягваючы, каб не дапусціць некантраляванага развіцця перадусім адмоўных працэсаў у эканоміцы. Дый станоўчых, каб не зваліцца», – адзначыў ён.

Адмыслоўцы пацвярджаюць: над беларускай эканомікаю цяпер навісаюць пагрозы як вонкавыя.

«Першае, што казаў і Лукашэнка, – гэта відавочны абсалютна ціск Расеі. Другое – гэта не вельмі спрыяльная сітуацыя на рынках развіваных краінаў. Тое, што адбываецца з турэцкаю ліраю, з індыйскаю рупіяй, асабліва з турэцкаю ліраю», – тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Гэтак і пагрозы ўнутраныя…

«Кепскія пазыкі прадпрыемстваў, якія нікуды не дзеліся. І пакуль вычарпаныя ўсе варыянты вырашэння гэтай праблемы, у двукоссі вырашэння, якое зводзіцца да таго, што давайце перакладзем іх з адной кішэні на іншую», – дадае Чалы.

Што праўда, на думку апытаных намі адмыслоўцаў, эканамічнае пагаршэнне ад згаданых працэсаў адчуецца ў Беларусі не адразу і не ў адзін момант, як у выпадках папярэдніх адставак прэмʼер-міністраў. Зрэшты, і адстаўка прэм’ера пакуль пад пытаннем. На сённяшняй нарадзе Лукашэнка ўжо казаў пра замену не кіраўніцтва ўраду, а толькі асобных яго чальцоў.

«Калі б Лукашэнка выконваў усе тыя пагрозы, якія ён выказвае, то ў Беларусі б ужо некалькі складаў ураду сядзела б у турме», – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Адмыслоўцы аднак сыходзяцца на тым, што суворыя выказванні Лукашэнкі па выніках візіту ў Воршу, верагодна, выкліканыя прыкметамі правалу ідэі рэгіянальнай мадэрнізацыі. Гэтак жа раней правалілася спроба мадэрнізаваць сіламі чыноўніцкага апарату асобныя галіны вытворчасці – у тым ліку цэментную і дрэваапрацоўчую.

«Мадэрнізацыя прадугледжвае рынкавыя метады. А тут жа прапанавана мадэрнізаваць адміністрацыйна-каманднымі метадамі. Яны не эфектыўныя ў самой сваёй прыродзе», – падсумоўвае палітолаг.

Дарэчы, «апошнія папярэджанні» на адрас ураду Міхаіла Мясніковіча пачалі гучаць у 2012 годзе – напярэдадні двухгадовай стагнацыі беларускай эканомікі, якая потым перарасла ў двухгадовую рэцэсію. Цяпер жа Еўразійскі банк рэканструкцыі ў сваім аналітычным дакладзе заявіў, што Беларусь на сёння збольшага вычарпала свае рэсурсы аднаўленчага росту.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа President.gov.by